Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
20 кастрычніка 2016, 14:05

Анфімаў: забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання кожнага бюджэтнага рубля СД - першачарговая задача

20 кастрычніка, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. Першачарговай задачай у складаных сучасных умовах запаволення эканамічнай актыўнасці ў розных галінах Беларусі і Расіі з'яўляецца забеспячэнне эфектыўнага выкарыстання кожнага бюджэтнага рубля Саюзнай дзяржавы. Аб гэтым на сумесным пасяджэнні калегій Камітэта дзяржкантролю Беларусі і Падліковай палаты Расіі заявіў кіраўнік кантрольнага ведамства Беларусі Леанід Анфімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Дасягнуты ўзровень ўзаемадзеяння органаў фінансавага кантролю дзвюх краін - спосаб пашырэння інтэграцыі і дасягнення агульных мэт", - сказаў Леанід Анфімаў.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што праблема поўнага асваення сродкаў бюджэту захоўваецца, хоць у параўнанні з 2014 годам гэты паказчык палепшыўся. Аднак у 2015 годзе засталіся неасвоенымі амаль 255 млн расійскіх рублёў. "Выклікаюць заклапочанасць значныя накопленыя за мінулыя гады астаткі сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы, якія з году ў год не выкарыстоўваюцца, - падкрэсліў Леанід Анфімаў. - На 1 студзеня 2016 года яны дасягнулі амаль 2 млрд расійскіх рублёў".

"Склалася сітуацыя, калі ў эканоміках дзвюх дзяржаў адчуваецца пэўная няхватка сродкаў, а ў саюзным бюджэце існуе, калі яго так можна назваць, прафіцыт. Пры гэтым ёсць цікавыя праграмы, якія маглі б быць прафінансаваны з саюзнага бюджэту, - лічыць кіраўнік КДК. - Нашым міністэрствам, арганізацыям, суб'ектам гаспадарання трэба заняць больш актыўную пазіцыю ў пошуку грошай на вырашэнне праблем, якія ўяўляюць узаемную цікавасць і для беларускага боку, і для расійскага".

Аналіз выканання сумесных праграм паказаў, што з 2010 года іх колькасць скарацілася ў 2 разы - з 18 да 9, а фінансавае забеспячэнне - на 20,5 працэнта. У 2015 годзе доля расходаў на рэалізацыю праграм у агульным аб'ёме расходаў склала 67,9 працэнта. "Як сведчаць вынікі кантрольных мерапрыемстваў, ёсць асобныя праблемы, якія патрабуюць нашай увагі і вырашэння", - падкрэсліў Леанід Анфімаў.

На пасяджэнні Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі і Падліковая палата Расіі выпрацавалі прапановы, накіраваныя на ўстараненне выяўленых недахопаў.

Цяпер рэалізуецца 9 сумесных праграм з аб'ёмам фінансавання 3,2 млрд расійскіх рублёў (99,6 працэнта аб'ёму бюджэтных асігнаванняў, прадугледжаных планам). Касавыя расходы заказчыкаў і выканаўцаў праграм склалі 3,166 млрд расійскіх рублёў (98,4 працэнта ад прафінансаванага аб'ёму).

Асноўную долю ў фарміраванні даходнай часткі бюджэту Саюзнай дзяржавы займаюць пералічэнні дзяржаў-удзельніц, памер якіх застаецца нязменным з 2009 года. У 2015 годзе даходы бюджэту Саюзнай дзяржавы склалі 4,9 млрд расійскіх рублёў, расходы бюджэту - 4,7 млрд (94,8 працэнта планавых назначэнняў).

У ходзе пасяджэння было адзначана, што бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2015 год быў сфарміраваны з захаваннем прынцыпаў збалансаванасці (бездэфіцытнасці) і агульнага (сукупнага) пакрыцця расходаў бюджэту. Праверка пацвердзіла даныя справаздачы Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні саюзнага бюджэту за 2015 год па даходах і расходах.

Сёння на пасяджэнні зацверджаны План сумесных мерапрыемстваў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь і Падліковай палаты Расійскай Федэрацыі на 2017 год, якім прадугледжана правядзенне шэрага сумесных і паралельных кантрольных мерапрыемстваў.

Сумеснае пасяджэнне адбылося ў рэжыме відэаканферэнцыі. На парадак дня было вынесена заключэнне вышэйшых органаў фінансавага кантролю дзвюх краін на справаздачу Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні бюджэту Саюзнай дзяржавы за 2015 год. Мерапрыемства прайшло пад старшынствам кіраўнікоў кантрольных органаў Леаніда Анфімава і Таццяны Голікавай. На пасяджэнні прысутнічалі Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Беларусі ў Расіі Ігар Петрышэнка, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, намеснік дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Іван Бамбіза, прадстаўнікі Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі