Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 красавіка 2017, 15:42

Амаль Br900 млн будзе накіравана на прывядзенне ў парадак мясцовых аўтадарог у 2017-2020 гадах

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На прывядзенне ў парадак мясцовых аўтадарог у 2017-2020 гадах будзе накіравана амаль Br900 млн, паведаміў журналістам міністр фінансаў Уладзімір Амарын пасля нарады ў Прэзідэнта па пытанні развіцця мясцовых аўтамабільных дарог, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На правядзенне капітальнага рамонту і прывядзенне ў парадак мясцовых аўтамабільных дарог у перыяд з 2017 па 2020 год будзе накіравана амаль Br900 млн. Гэта будуць сродкі рэспубліканскага дарожнага фонду і мясцовых бюджэтаў. У першую чаргу будуць накіроўвацца сродкі дзяржаўнай пошліны, што спаганяецца за допуск аўтатранспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху", - сказаў Уладзімір Амарын.

Сродкі, якія паступаюць ад спагнання дзяржпошліны, складуць прыкладна 40 працэнтаў бюджэту, што выдзяляецца на рамонт дарог. "Сёння гэта пошліна размяркоўваецца ў суадносінах 61 працэнт у рэспубліканскі бюджэт і 39 працэнтаў у мясцовыя бюджэты. З 2018 па 2020 год гэта размеркаванне будзе як мінімум 50 працэнтаў на 50 працэнтаў", - звярнуў увагу міністр фінансаў.

У сваю чаргу міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак паведаміў, што рамонтныя работы мясцовай транспартнай сеткі будуць прадугледжаны адпаведнай дзеючай дзяржпраграмай на пяцігодку. "Да гэтага моманту ў нас у праграме былі толькі рэспубліканскія дарогі. Праект праграмы падрыхтаваны ўжо, і тут будуць прапісаны задачы па мясцовых дарогах, - растлумачыў кіраўнік ведамства. - Раней мясцовыя дарогі распрацоўваліся рэгіянальнымі праграмамі".

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на эфектыўнае выкарыстанне сродкаў. Для гэтага неабходна прымаць вывераныя тэхнічныя рашэнні. "Яшчэ ў канцы мінулага года Прэзідэнтам была пастаўлена задача Мінтрансу распрацаваць рашэнні для розных тыпаў дарог і розных відаў рамонту. Такія канструктыўныя тыпавыя рашэнні распрацаваны. Праз праграму яны будуць узаконены, і прымяненне гэтых рашэнняў дасць магчымасць эфектыўна расходаваць сродкі", - дадаў Анатоль Сівак.

Паводле яго слоў, кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прыёмка работ па рамонце мясцовых дарог павінна быць незалежнай. Напрыклад, рэспубліканскія трасы ў краіне курыруе Беларускі дарожны інжынерна-тэхнічны цэнтр. "Неабходна распаўсюдзіць гэтыя ўмовы на ўсе дарогі, якія будуць цяпер рамантавацца і мадэрнізавацца", - адзначыў міністр.

Прэзідэнт даручыў таксама скласці падрабязны пералік дарог, якія неабходна прывесці ў парадак, вызначыць дакладны план работ і іх кошт. Паводле ацэнак Міністэрства транспарту і камунікацый, у рамонце маюць патрэбу 6 тыс. км дарог. Аднак, на думку Аляксандра Лукашэнкі, калі разумна падысці да пытання фінансавання, скараціць выдаткі і адшукаць магчымасці, за тыя ж сродкі ўдасца прывесці ў парадак да 7 тыс. км. Пры гэтым важна захоўваць стандарты якасці і не расцягваць тэрміны.

Кіраўнік дзяржавы папярэдзіў, што восенню мае намер пабываць у рэгіёнах, асабіста азнаёміцца з ходам работ і вывучыць, як аднаўляюцца розныя катэгорыі дарог.

Адказнымі за рамонт і мадэрнізацыю мясцовай транспартнай сеткі назначаны губернатары. Упаўнаважаныя міністэрствы і КДК будуць выконваць кантралюючыя функцыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі