Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 чэрвеня 2018, 19:26

Акцыі васьмі прадпрыемстваў будуць выстаўлены на продаж на валютна-фондавай біржы

26 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Акцыі васьмі прадпрыемстваў будуць выстаўлены на продаж на Беларускай валютна-фондавай біржы. Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Аляксей Васільеў сёння ў час круглага стала "Міжнародна-прававая практыка работы з замежнымі інвестарамі і магчымасці паляпшэння інвестыцыйнай прывабнасці Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы выйшлі на фондавую біржу, раней выставілі пяць арганізацый з акцыямі, рэалізаваны быў адзін пакет акцый. На жаль, ёсць пэўныя абмежаванні, якія не даюць магчымасці прадпрыемствам камунальнай формы ўласнасці выходзіць на фондавую біржу. Зрабілі пэўныя крокі, для таго каб змяніць заканадаўства. Такія змяненні ўнесены, яны знаходзяцца ва ўрадзе, думаю, у бліжэйшы час яны будуць прыняты. Мы выйшлі з ініцыятывай, і яшчэ восем прадпрыемстваў ідуць другім эшалонам на валютна-фондавую біржу. Гэта даволі сур'ёзны праект", - сказаў Аляксей Васільеў.

Ён падкрэсліў, што інвестары перш за ўсё звяртаюць увагу на прадпрыемствы з празрыстай і зразумелай сістэмай кіравання, якая прадугледжвае ў тым ліку элементы карпаратыўнага кіравання. "Акрамя таго, укараненне карпаратыўных элементаў - адна з асноўных умоў выхаду на Міжнародны фондавы рынак. Мы гэта разумеем і працуем у гэтым напрамку", - дадаў першы намеснік старшыні Дзяржкаммаёмасці. Вялікую ролю адыгрывае таксама цана прадпрыемства, стан асноўных фондаў, кваліфікацыя спецыялістаў і менеджараў, інвестыцыйнае заканадаўства.

Круглы стол прайшоў у Фаніпалі на базе ЗАТ "Штадлер Мінск". У ходзе мерапрыемства абмяркоўваліся прыклады паспяховага ўкладання замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі, выпрацоўваліся прапановы па павышэнні міжнароднай інвестыцыйнай прывабнасці краіны, а таксама па ўдасканаленні заканадаўства ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці. У рабоце круглага стала прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства эканомікі, Міністэрства прамысловасці, Міністэрства замежных спраў, Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, бізнес-колаў і суб'ектаў гаспадарання.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі