Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 сакавіка 2019, 16:43

Аграрыі Беларусі разлічваюць атрымаць не менш як 8,5 млн т збожжа ў гэтым годзе

25 сакавіка, Шклоўскі раён /Кар. БЕЛТА/. Аграрыі Беларусі разлічваюць атрымаць не менш як 8,5 млн т збожжа ў бягучым годзе. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У гэтым годзе мы павінны атрымаць не менш як 8,5 млн т збожжа ў свірнавай вазе, не менш як 700 тыс. т рапсу, 5 млн т цукровых буракоў, 180 тыс. т ільнотрасты", - расказаў Леанід Заяц. Ён спадзяецца, што гэты год будзе больш рэзультатыўны, чым мінулы.

Міністр адзначыў добрыя ўмовы надвор'я, якія садзейнічаюць правядзенню палявых работ. Для параўнання: у мінулым годзе трактары выйшлі ў поле толькі ў пачатку красавіка. У гэтым жа работы ўжо ідуць практычна ва ўсіх раёнах Беларусі. Больш актыўна ў паўднёвай частцы - Брэсцкай і Гомельскай абласцях, дзе пасеяна ўжо амаль 50 працэнтаў і 30 працэнтаў усіх яравых збожжавых культур адпаведна.

"У бягучым годзе стаіць задача павялічыць аб'ёмы вытворчасці прадукцыі раслінаводства не менш чым у 1,2 раза. Таму ранняя вясна патрабуе мабілізацыі, арганізаванасці, каб у сціслыя агратэхнічныя тэрміны правесці сяўбу ранніх яравых збожжавых культур, - падкрэсліў Леанід Заяц. - Стан азімых збожжавых культур у гэтым годзе не выклікае апасенняў. Захаванасць даволі нядрэнная".

Кіраўнік ведамства дадаў, што гаспадаркі, асабліва размешчаныя на поўдні Беларусі, арыентаваны на вырошчванне нетрадыцыйных для Беларусі культур, якія могуць прыносіць добры прыбытак. "У нас ёсць вопыт асобных гаспадарак, прадпрыемстваў, прыватнікаў, якія вырошчваюць цеплалюбівыя культуры. У недалёкім мінулым здавалася, што гэта немагчыма зрабіць. Сёння ўжо становіцца зразумелым, што нам неабходна пераарыентаваць сваю сістэму земляробства", - сказаў міністр.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі