16 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Афганістан гатовы развіваць супрацоўніцтва з Беларуссю, заявіў журналістам кіраўнік выканаўчай улады Афганістана Абдула Абдула па выніках перагавораў з прэм'ер-міністрам Беларусі Андрэем Кабяковым, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Сёння ў Мінску падпісана пагадненне аб стварэнні сумеснага камітэта Беларусі і Афганістана па гандлёвым і эканамічным супрацоўніцтве. "Мы лічым, што ў святле падпісанага пагаднення ўзаемаадносіны нашых краін могуць быць пашыраны ў розных галінах - у сферы здабычы карысных выкапняў, дарожным будаўніцтве, арганізацыі паставак сельскагаспадарчай прадукцыі, таксама будзе развівацца абмен вопытам і тэхналогіямі", - адзначыў Абдула Абдула.
У час афіцыйнага візіту ў Беларусь Абдула Абдула наведаў МТЗ, МАЗ, ААТ "Амкадор", "БелОМА - ММЗ імя С.І. Вавілава". Паводле яго ацэнкі, гэтыя прадпрыемствы дэманструюць высокі ўзровень тэхналагічнага развіцця краіны. "Мы гатовы выкарыстоўваць вопыт Беларусі ў розных сферах. Можна павіншаваць Беларусь з поспехамі, якія дасягнуты ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, фармакалогіі, сферы падрыхтоўкі спецыялістаў у самых розных галінах", - лічыць ён.
Абдула Абдула таксама падзякаваў беларускаму боку за гатоўнасць заняцца падрыхтоўкай спецыялістаў для эканамічнага сектара Афганістана.-0-