Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
14 сакавіка 2018, 09:51

Ад здабычы карысных выкапняў да энергетыкі і лагістыкі: Шэйман расказаў аб перспектывах супрацоўніцтва з Зімбабвэ

14 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва з Зімбабвэ па шырокім спектры напрамкаў. Аб гэтым 13 сакавіка ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" расказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Віктар Шэйман, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аб перспектывах развіцця адносін паміж Беларуссю і Зімбабвэ Віктар Шэйман дакладваў кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. Беларуская дэлегацыя нядаўна наведала з візітам гэту афрыканскую краіну, дзе адбыліся плённыя перагаворы і падпісаны двухбаковыя дакументы. "У 2017 годзе мы выйшлі на актыўнае супрацоўніцтва. І я разлічваю, што 2018 год стане пераломным. Прыйшоў новы Прэзідэнт - Эмерсан Мнангагва, ён зацікаўлены ў прыцягненні інвестыцый, сумеснай з намі рабоце. Мы зацікаўлены працаваць у здабычы карысных выкапняў, у галіне сельскай гаспадаркі, у будаўніцтве, транспарце, лагістыцы, энергетыцы. Усе гэтыя тэмы абмяркоўваліся ў ходзе маіх перагавораў з кіраўніцтвам Зімбабвэ", - заявіў Віктар Шэйман.

Ён расказаў, што Прэзідэнт Зімбабвэ спецыяльна сабраў у поўным складзе пасяджэнне Кабінета міністраў і на працягу прыкладна шасці гадзін з удзелам членаў беларускай дэлегацыі абмяркоўваліся праекты супрацоўніцтва. Па выніку візіту адбылося яшчэ адно пасяджэнне Кабінета міністраў, дзе бакі прымалі рашэнні і падпісвалі дакументы.

"Па тэматыцы горнай здабычы прынята рашэнне аб стварэнні сумеснага прадпрыемства. Мы будзем займацца шырокім спектрам карысных выкапняў. Нам дадзена згода працаваць па нафце. Будзем займацца геолагаразведкай і, калі знойдзем, здабычай нафты. Таксама геолагаразведкай і здабычай газу, геолагаразведкай карысных выкапняў, уключаючы і золата, і плаціну, і рэдказямельныя металы", - сказаў Віктар Шэйман.

Цікавая сфера сельскай гаспадаркі. Прынята рашэнне аб стварэнні ў Зімбабвэ прадпрыемства па перапрацоўцы мяса і малака. "Мы будзем займацца ў тым ліку вытворчасцю ў Зімбабвэ ялавічыны, свініны, мяса птушкі і агародніны. Будзем займацца аднаўленнем ірыгацыйнай сістэмы, будаўніцтвам дамбаў", - расказаў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі.

Ён адзначыў, што некалі, амаль 30 гадоў таму, ірыгацыйныя сістэмы ў гэтай краіне будавалі англічане. Але цяпер яны ўжо маюць патрэбу ў аднаўленні, каб мець магчымасць атрымліваць добры ўраджай.

Яшчэ адзін напрамак сумеснай работы - энергетыка. "Была просьба з боку кіраўніцтва Зімбабвэ дапамагчы пабудаваць электрастанцыю на сонечных панэлях. Для нас гэта будзе будоўля даволі новая. Мы ніколі не будавалі электрастанцыю на сонечных панэлях. Але, думаю, сумесна з Індыяй гэту тэму пацягнем. У бягучым годзе будзе весціся праектаванне станцыі, а ў наступным сумесна з індусамі выходзім на будаўніцтва. Акрамя будаўніцтва станцыі на сонечных панэлях будзем займацца сістэмамі размеркавання і кантролю электраэнергіі, будаваць лініі электраперадачы", - сказаў Віктар Шэйман.

Ён таксама расказаў, што ёсць планы па стварэнні вялікай транспартнай кампаніі, каб займацца грузавымі перавозкамі і па тэрыторыі Зімбабвэ, і за межамі гэтай краіны. "Нам давядзецца займацца з пазіцыі Зімбабвэ і працаваць па транспарце і лагістыцы па Замбіі, Намібіі, Мазамбіку. Створым сумесна буйны лагістычны цэнтр у Зімбабвэ па грузаперавозках. Хутчэй за ўсё, мы ўвойдзем у будаўніцтва чыгункі па Зімбабвэ і будаўніцтва рэспубліканскай аўтамабільнай дарогі - аўтабана", - заявіў кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі.

Беларусі таксама цікава супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы. "Мы займаемся жыллёвым, прамысловым, дарожным будаўніцтвам", - дадаў Віктар Шэйман.

"Па Зімбабвэ ў гэтым годзе падпісана ўжо кантрактаў на $58 млн. Думаю, да канца года мы зможам падпісаць кантракты і рэалізаваць у аб'ёме не менш як $100 млн. На наступны год паднімем планку да $500 млн па Зімбабвэ. Праз год яшчэ. Недзе плануем да 2020 года выйсці не менш як на $1 млрд. Гэта даволі добрая дынаміка, і гэта вельмі сур'ёзныя грошы", - рэзюмаваў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі