Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
12 чэрвеня 2019, 16:24

Абласныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва павінны фіксаваць агульнасістэмныя праблемы бізнесу - Турчын

12 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Абласныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва павінны фіксаваць як лакальныя, так і агульнасістэмныя праблемы бізнесу, заявіў сёння журналістам першы намеснік прэм'ер-міністра, старшыня Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандр Турчын, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Цяпер асноўная наша работа - фарміраванне абласных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва. Указам вызначана, што Савет Міністраў выпрацоўвае тыпавое палажэнне аб абласным савеце, і цяпер якраз ідзе работа над гэтым дакументам. Мы хацелі б крыху структураваць нашу работу. Абласныя саветы - гэта людзі, якія знаходзяцца на месцах і ведаюць праблемы, якія хвалююць бізнес. Хацелася б, каб пытанні, што ўваходзяць у кампетэнцыю мясцовых органаў улады, - зямельныя, маёмасныя, - вырашаліся на ўзроўні абласных саветаў па развіцці прадпрымальніцтва", - сказаў Аляксандр Турчын.

Ён таксама адзначыў, што ў абласных саветах павінны фіксавацца ў тым ліку тыя праблемы, якія ёсць на месцах, але пры гэтым маюць не лакальны, а агульнасістэмны характар. Гэта дасць магчымасць акумуляваць гэтыя праблемы ў Савеце па развіцці прадпрымальніцтва і выходзіць у тым ліку з заканадаўчымі ініцыятывамі.

Сёння на пасяджэнні Савета па развіцці прадпрымальніцтва абмяркоўваюцца актуальныя праблемы развіцця бізнесу і прыярытэтныя напрамкі работы савета, арганізацыя ўзаемадзеяння з тэрытарыяльнымі саветамі па развіцці прадпрымальніцтва і прадпрымальніцкімі саюзамі (асацыяцыямі), а таксама дзейнасць выканаўчага органа савета - Рэспубліканскага фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва. Указам нумар 173 "Аб удасканаленні дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва" абноўлены персанальны склад савета. У яго ўключаны кіраўнікі і ўласнікі розных прадпрыемстваў краіны. У сваю чаргу прадстаўнікі іншых прадпрымальніцкіх саюзаў (асацыяцый) атрымаюць статус афіцыйных партнёраў, які дасць ім магчымасць прымаць удзел у рабоце савета і выконваць іншыя функцыі. У сувязі з гэтым на пасяджэнні разглядаліся крытэрыі вызначэння афіцыйных партнёраў савета.

Дырэктар Рэспубліканскага фонду садзейнічання развіццю прадпрымальніцтва Таццяна Быкава выказала прапанову па гэтых крытэрыях. Статус афіцыйных партнёраў савета прапануецца прадаставіць саюзам (асацыяцыям), якія з'яўляюцца аб'яднаннямі юрыдычных асоб і (або) індывідуальных прадпрымальнікаў. Пры гэтым колькасць членаў рэспубліканскага (абласнога) саюза або асацыяцыі павінна быць не меншая за 100, прафесійнага - не меншая за 30. Гэты варыянт абмяркоўваўся сёння на пасяджэнні савета, былі выказаны заўвагі. Паступіла таксама некалькі альтэрнатыўных прапаноў па крытэрыях вызначэння афіцыйных партнёраў савета. Канчатковае рашэнне пакуль не прынята.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі