Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 верасня 2017, 18:28

Аб'ём атрыманай у Беларусі плодаагародніннай прадукцыі поўнасцю забяспечыць патрэбнасці насельніцтва - Русы

7 верасня, Гомельскі раён /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. Аб'ём атрыманай плодаагародніннай прадукцыі ў Беларусі ў 2017 годзе дасць магчымасць поўнасцю забяспечыць патрэбнасці спажыўцоў, паведаміў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы. Ён прыняў удзел у рабочай сустрэчы па пытаннях вытворчасці і пастаўкі ў гандлёвыя сеткі рэспублікі айчыннай плодаагародніннай прадукцыі ў ААТ "Камбінат "Усход" (Гомельскі раён), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Атрыманыя аб'ёмы плодаагародніннай прадукцыі і бульбы дадуць магчымасць поўнасцю забяспечыць унутрырэспубліканскія патрэбнасці і закласці ў стабілізацыйныя фонды на міжсезонны перыяд 2017-2018 гадоў. Сур'ёзны зачын зроблены і для пастаўкі прадукцыі на экспарт", - сказаў віцэ-прэм'ер. Ён асабліва падкрэсліў, што ўсплёску цэн на плодаагароднінную прадукцыю няма і быць не павінна.

Міхаіл Русы адзначыў, што ўнутраны рынак павінен быць забяспечаны шырокім спектрам якаснай айчыннай плодаагародніннай прадукцыі. У ліку прыярытэтных ён назваў праекты па глыбокай перапрацоўцы агародніны і садавіны. "Спажывец часцей за ўсё аддае перавагу паўфабрыкатам і прадуктам хуткага прыгатавання. Менавіта таму важна пашыраць асартымент такіх тавараў і хутка рэагаваць на змяненне попыту", - сказаў віцэ-прэм'ер.

У Беларусі створана больш за 20 прадпрыемстваў, якія займаюцца глыбокай перапрацоўкай плодаагародніннай прадукцыі. Паводле слоў Міхаіла Русага, такой колькасці цалкам дастаткова, каб задаволіць попыт насельніцтва. Цяпер актуальным стала іншае пытанне: як быць невялікім фермерскім гаспадаркам, якія не могуць арганізаваць такую перапрацоўку. У сувязі з гэтым плануецца абмеркаваць магчымасць стварэння ў краіне аптовых цэнтраў, якія займаліся б скупкай, перапрацоўкай і рэалізацыяй закупленай у фермерскіх гаспадарак прадукцыі.

У рабочай сустрэчы прынялі ўдзел кіраўнікі Мінсельгасхарча, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, мясцовых органаў улады, а таксама прадстаўнікі сельгасарганізацый і сялянскіх гаспадарак, арганізацый гандлю, перапрацоўчых і нарыхтоўчых прадпрыемстваў. У лагістычным цэнтры ААТ "Камбінат "Усход" удзельнікі рабочай сустрэчы азнаёміліся з узорамі плодаагародніннай прадукцыі, атрыманай аграпрамысловым комплексам Беларусі і фермерскімі гаспадаркамі. У час круглага стала былі абмеркаваны ўмовы заключэння дагавораў паміж вытворцамі прадукцыі і буйнымі сеткавымі арганізацыямі гандлю рэспублікі.-0-

Фота Сяргея Халадзіліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі