Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
07 снежня 2016, 13:51

Абавязковы разлік за цеплавую энергію па індывідуальных прыборах уліку плануецца ўвесці ў 2017 годзе

7 снежня, Мінск /Юлія Огнева - БЕЛТА/. Абавязковы разлік за цеплавую энергію па індывідуальных прыборах уліку плануецца ўвесці ў Беларусі ў 2017 годзе, паведаміў сёння намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі - дырэктар Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Міхаіл Малашанка на міжнароднай навукова-тэхнічнай канферэнцыі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграмы будаўніцтва жылля на 2016-2020 гады прадугледжваецца, што за пяцігодку будуць распрацаваны асноўныя нарматыўна-прававыя акты, якія забароняць будаўніцтва жылога фонду без індывідуальных прыбораў уліку цеплавой энергіі з дыстанцыйнай перадачай даных. Таксама плануецца, што ўжо з 2017 года мы пяройдзем на абавязковы разлік па індывідуальных прыборах уліку за цеплавую энергію там, дзе гэтыя прыборы ўстаноўлены. Акрамя таго, распрацоўваем праграму забеспячэння індывідуальнымі прыборамі ўліку цеплавой энергіі жыллёвага фонду, які імі не забяспечаны", - адзначыў Міхаіл Малашанка.

Паводле яго слоў, у жыллёвым сектары ёсць вялікія рэзервы для зніжэння энергаёмістасці валавога ўнутранага прадукту і замяшчэння імпартуемых відаў паліва. "Жыллёвы фонд Беларусі мае значны патэнцыял у сферы энергазберажэння і скарачэння выкідаў парніковых газаў. У сектары ЖКГ выкарыстоўваецца амаль 38 працэнтаў паліўна-энергетычных рэсурсаў, якія спажывае краіна ў цэлым. Улічваючы ўзрастаючую ролю эканоміі цеплавой і электрычнай энергіі, вялікае значэнне трэба ўдзяляць будаўніцтву энергаэфектыўнага жылля, асабліва класаў энергаэфектыўнасці дамоў А і А+", - сказаў дырэктар дэпартамента.

VII Міжнародная навукова-тэхнічная канферэнцыя "Энергаэфектыўныя будынкі XXI стагоддзя. Еўрапейскі і айчынны вопыт у праектаванні, будаўніцтве і эксплуатацыі будынкаў і збудаванняў з мінімальным спажываннем энергіі. Інжынернае абсталяванне. Альтэрнатыўныя крыніцы энергіі" праходзіць 7-8 снежня ў Мінску. На ёй абмяркоўваюцца пытанні стану і перспектыўнага развіцця энергаэфектыўнага будаўніцтва ў Беларусі, дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы энергазберажэння і іншыя.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі