Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

ДАСЬЕ: "Помніце, людзі!" Да 75-годдзя Хатынскай трагедыі

Дасье 20.03.2018 | 13:35
Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь". 19 сакавіка 2018 года
Дзяржаўны мемарыяльны комплекс "Хатынь". 19 сакавіка 2018 года

Для Беларусі сакавіцкія дні 2018 года адзначаны сумнай датай: 75 гадоў таму на Зямлі не стала Хатыні. Знікла з жыцця ціхая гасцінная беларуская вёсачка. Ад рук нацыстаў загінулі амаль усе яе жыхары. У Хатыні жылі звычайныя беларускія сяляне, апрацоўвалі зямлю, вырошчвалі збожжа, бульбу, стагавалі сена, гадавалі дзяцей, спраўлялі вяселлі і святы, марылі пра будучыню, якая для іх не настала. Хатынь - не проста старонка Вялікай Айчыннай вайны, гэта сімвал вялікай трагедыі, наш боль.

Трагедыя напаткала Хатынь у сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года. У гэты дзень для аднаўлення пашкоджанай партызанамі паміж Плешчаніцамі і Лагойскам лініі сувязі былі накіраваны два ўзводы 1-й роты 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна. Пад'ехаўшы да месца абрыву, паліцаі трапілі ў засаду, арганізаваную партызанскім атрадам "Мсцівец". Партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў. У перастрэлцы, пасля якой партызаны адступілі, быў забіты нямецкі шэф-камандзір роты гаўптман Ганс Вёльке. Гэты выпадак быў асаблівым для фашысцкіх захопнікаў, паколькі яго вынік выходзіў за рамкі звычайнага бою з партызанамі. Забіты нямецкі афіцэр Ганс Вёльке быў шырока вядомы ў Германіі. У даваенны час ён быў спартсменам. Сусветную вядомасць яму прынесла Алімпіяда 1936-га, якая якраз і праходзіла ў Германіі. На ёй Ганс устанавіў сусветны рэкорд у штурханні ядра і стаў першым у гісторыі немцам, які атрымаў алімпійскую ўзнагароду ў лёгкай атлетыцы. Спартсмен адразу ж атрымаў асабістае віншаванне Гітлера і быў удастоены афіцэрскага чыну. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, на перадавую Вёльке не трапіў, а быў накіраваны на больш ціхую воінскую пасаду - камандзірам адной з рот 118-га паліцэйскага батальёна. Пасля інцыдэнту з Лагойска быў выкліканы спецбатальён на чале са штурбанфюрэрам Оскарам Дзірлевангерам. Па слядах, пакінутых партызанамі на сакавіцкім снезе, фашысцкія захопнікі прыйшлі ў акружаную лесам Хатынь.

Трагедыя Хатыні

Ні ў чым не вінаватым людзям з вёскі Хатынь фашысты вынеслі смяротны прысуд. З дамоў у вёсцы фашысты выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і нямоглых падштурхоўвалі прыкладамі. Сагналі ўсіх у хлеў на ўскраіне, у якім некалі захоўвалася сена. Сюды прывелі сем'і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх з 9 дзецьмі, Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх з 7 дзецьмі. У хлеў прыгналі Веру Яскевіч з сямітыднёвым сынам Толікам. Разам з жыхарамі Хатыні ў хлеў прыгналі жыхара вёскі Юркавічы Антона Кункевіча і жыхарку вёскі Камена Хрысціну Слонскую, якія апынуліся ў гэты час у Хатыні.

Дарослыя, як маглі, супакойвалі дзяцей, але трывога з кожнай мінутай усё мацней ахоплівала іх. Зачыненыя ўнутры, яны не ведалі, што рабілася знадворку. У гэты час некалькі салдат абкладвалі сцены хлява саломай, лілі бензін і запальвалі запалкі. Драўляны хлеў імгненна загарэўся. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі выратаваць дзяцей. Пад націскам дзясяткаў людскіх цел не вытрымалі і ўпалі дзверы. У палаючым адзенні, ахопленыя жахам, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў.

Сакавіцкі дзень 1943 года стаў апошнім для 149 хатынцаў, з іх 75 дзяцей да 16-гадовага ўзросту. У полымі зніклі 26 дамоў. На месцы ціхай лясной вёскі засталося папялішча ды сіратліва ўзвышаюцца коміны.

Шэсць чалавек прызнаны сведкамі хатынскай трагедыі: адзіны дарослы сведка і пяцёра дзяцей.

Памчаўся на кані ў суседнюю вёску 13-гадовы Аляксандр Жалабковіч. Схаваліся брат і сястра Яскевічы - Уладзімір (13 гадоў) і Соф'я (9 гадоў). Тром хатынцам было наканавана выжыць, выбраўшыся з палаючага хлява: 7-гадоваму Віктару Жалабковічу, 12-гадоваму Антону Бараноўскаму і 56-гадоваму Іосіфу Іосіфавічу Камінскаму.

Цяжкія ўспаміны

"У 1943-м мне было каля сямі гадоў. Можа, крыху больш. Дагэтуль не ведаю, калі нарадзіўся. Дакументы ж згарэлі. Ды і не памятаю нічога да таго страшнага дня. Як быццам нехта ўзяў і адным махам сцёр усё з памяці. Нават бацькоў. Спрабую прыгадаць хаця б іх твары, але не атрымліваецца. У сям'і было чацвёра дзяцей: два браты, сястра і я - самы малы. Тое, што адбылося з Хатынню, цяжка было прадказаць. Усё здарылася нечакана. У той дзень у вёсцы былі партызаны. Мы з бацькам пайшлі на ток - ён рэзаў сечку, а я гушкаўся на арэлях, якія тата змайстраваў для мяне. І раптам пачуліся стрэлы, некалькі выбухаў. Партызан, які сядзеў побач, спахапіўся, стрэліў у паветра і пракрычаў: "Фашысты". Бацька ўзяў мяне за руку, і мы пабеглі дадому. Вярнуліся, зачыніліся і ўсёй сям'ёй спусціліся ў склеп. Але схавацца ад карнікаў не ўдалося. Спачатку яны проста стукалі, потым выламалі дзверы, вывелі на вуліцу і пагналі ў вялікае калгаснае гумно. Паколькі наша хата стаяла на самай ускраіне з левага боку, давялося ісці практычна праз усю вёску. Гітлераўцы не шкадавалі нікога. Бачыў, як пад дуламі аўтаматаў яны гналі старых, жанчын і дзяцей. Ніводны дарослы не змог схавацца. Толькі трое дзяцей - Саша Жалабковіч, Валодзя Яскевіч і яго сястра Соня - змаглі ўцячы", - расказваў у інтэрв'ю "Знамя юности" ў 2015 годзе Віктар Андрэевіч Жалабковіч.

"Калі гналі, і ўявіць не мог, што нас чакае. Як толькі ўсе вяскоўцы апынуліся ў гумне, фашысты зачынілі яго. Я трымаўся каля маці, мы засталіся ля самых дзвярэй. А браты і сястра разам з бацькам пайшлі ўглыб пабудовы. Мне было відаць праз шчыліну, як карнікі падносілі каністры з бензінам і аблівалі сцены, падкідвалі сена. Саламяны дах успыхнуў імгненна. Усё загарэлася, затрашчала. Як жа ўсе крычалі! Словамі не перадаць. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Пад націскам дзясяткаў людзей дзверы не вытрымалі і ўпалі. У палаючым адзенні, ахопленыя жахам, хатынцы спрабавалі ўцякаць, але дарэмна. Фашысты бязлітасна расстрэльвалі іх з аўтаматаў і кулямётаў. Мы з маці выскачылі з гумна і трапілі пад шквал агню. Далёка ўцячы не ўдалося, упалі. Ад страху прыціснуўся да матчынага цела і адчуў рэзкі штуршок. Гэта была куля, якая забіла маці, а мяне кранула па плячы. Я шапнуў: мяне параніла. Але ў адказ нічога не пачуў. Вакол стаяў жудасны чалавечы стогн. Я ляжаў тварам уніз і паступова адпаўзаў да матчыных ног, на ёй ужо гарэла адзенне, а на мне пачала тлець шапка. Не памятаю, колькі праляжаў на зямлі. Калі падняўся, убачыў ад'язджаючых карнікаў і паласу дагараючых дамоў. Уся вуліца была ў агні. Паўсюль ляжалі абгарэлыя целы. Нехта яшчэ рухаўся, нехта прасіў піць. Але чым тады мог дапамагчы ім сямігадовы хлапчук? Каб гэтага не бачыць, хацеў схавацца, але не было дзе. Прабыў так да раніцы, пакуль не прыйшлі жыхары суседніх вёсак", - расказвае цяжкія факты са свайго жыцця Віктар Жалабковіч. "У арміі ў мяне "з'явіўся" дзень нараджэння - 7 лістапада. Камандзір упісаў у асабовую справу ў гонар свята. Да гэтага значылася проста другая палавіна 1934 года", - адзначае жыхар Хатыні.

У жывых пасля трагічных падзей 22 сакавіка застаўся і 12-гадовы Антон Бараноўскі. Ён быў паранены ў нагу разрыўной куляй, гітлераўцы прынялі яго за мёртвага, што і выратавала жыццё дзіцяці. Абгарэлых, параненых Антона Бараноўскага і Віцю Жалабковіча падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасля вайны дзеці выхоўваліся ў дзіцячым доме г.п. Плешчаніцы. Антон Бараноўскі пазней жыў у Мінску, трагічна загінуў у 1969 годзе.

Няскораны чалавек

Адзіны дарослы сведка хатынскай трагедыі 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі, абгарэлы і паранены, апрытомнеў позна ноччу, калі фашыстаў ужо не было ў вёсцы. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго раненага сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Гэты трагічны момант з жыцця Іосіфа Камінскага пакладзены ў аснову стварэння скульптуры мемарыяльнага комплексу "Хатынь" - "Няскораны чалавек". Камінскі Іосіф Іосіфавіч пасля вайны жыў у вёсцы Казыры Лагойскага раёна Мінскай вобласці. Да апошніх дзён жыцця прыходзіў у Хатынь. Памёр у 1973 годзе, пахаваны ў Лагойску.

З пратакола допыту Іосіфа Камінскага, 31 студзеня 1961 года: "...Асуджаныя на смерць людзі, у тым ліку я і члены маёй сям'і, моцна плакалі, крычалі. Адчыніўшы дзверы гумна, карнікі пачалі расстрэльваць з кулямётаў, аўтаматаў і іншай зброі грамадзян, але страляніны амаль не было чуваць з-за ляманту людзей. Я са сваім 15-гадовым сынам Адамам апынуўся ля сцяны. Забітыя грамадзяне падалі на мяне, яшчэ жывыя бегалі ў агульным натоўпе, нібыта хвалі, лілася кроў з параненых і забітых. Абваліўся палаючы дах, страшэнныя дзікія крыкі людзей яшчэ больш узмацніліся... Мне ўдалося з-пад трупаў і людзей, якія гарэлі, выбрацца і дапаўзці да дзвярэй. Тут жа адзін з карнікаў... з аўтамата стрэліў па мне, у выніку я быў ранены ў левае плячо... Мой сын Адам, абгарэлы, невядома як выскачыў з гумна, але метраў за 10 ад гумна, пасля выстралаў, упаў. Я, паранены, каб не страляў па мне карнік, ляжаў без рухаў, прыкінуўшыся мёртвым... У хуткім часе я пачуў сігнал да ад'езду карнікаў, а калі яны крыху ад'ехалі, мой сын Адам, які ляжаў недалёка ад мяне, прыкладна метры за тры, паклікаў мяне да сябе... Я падпоўз, прыўзняў яго, але ўбачыў, што ён перарэзаны кулямі напалам. Мой сын Адам яшчэ паспеў спытаць: а ці жыва маці? І адразу памёр".

Больш за 9 000 спаленых вёсак

Трагедыя Хатыні - не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, што сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. Страшны лёс знішчэння разам з Хатынню падзялілі больш за 9 000 вёсак Беларусі. Некаторыя з іх, спаленыя разам з людзьмі, як і Хатынь, пасля вайны ўжо не адрадзіліся.

У верасні 2010 года стартаваў міжнародны праект "Павышэнне статусу выратаваных жыхароў спаленых вёсак". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь узяў на сябе яго навуковае суправаджэнне. Да 70-годдзя Хатынскай трагедыі сумесна з Беларускім фондам міру была створана электронная база вёсак, спаленых у гады Вялікай Айчыннай вайны, - http://db.narb.by.

Работа па ўдакладненні спіса спаленых вёсак, напаўненні базы інфармацыяй прадаўжаецца.

Хатынскія званы заклікаюць: "Помніце, людзі!"

Сёння ні на адной самай падрабязнай геаграфічнай карце не знайсці беларускай вёскі Хатынь Лагойскага раёна, яна была поўнасцю знішчана. На яе месцы ў 1969 годзе ў памяць увекавечання ахвяр фашызму на тэрыторыі Беларусі быў адкрыты мемарыяльны комплекс "Хатынь". Створаны архітэктурна-скульптурны ансамбль пад адкрытым небам на 54-м км шашы Мінск - Віцебск. Ініцыятарам стварэння хатынскага мемарыяла быў першы сакратар ЦК КПСС Пётр Машэраў. Мемарыял стаў трагічным сімвалам шматпакутнай Беларусі, які ўвасобіў у сабе боль і смутак загінулых. Аўтарамі мемарыяла з'яўляюцца архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў. Комплекс паўтарае планіроўку былой вёскі.

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі была праведзена рэканструкцыя Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Мемарыяльны комплекс "Хатынь" уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.-0-

Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Індывідуальнае прадпрымальніцтва У Беларусі з пачатку 2018 года павялічылася колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП).