Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

ДАСЬЕ: Дзень славянскага пісьменства і культуры

Дасье 24.05.2017 | 17:43
"Кніга Царстваў" Францыска Скарыны, 1518 г.
"Кніга Царстваў" Францыска Скарыны, 1518 г.

24 мая ўсе славянскія народы, якія карыстаюцца кірылічным алфавітам, адзначаюць Дзень славянскага пісьменства. У Беларусі ён святкуецца з 1986 года і называецца Дзень славянскага пісьменства і культуры. Дата 24 мая выбрана не выпадкова - у гэты дзень праваслаўная царква ўшаноўвае памяць роўнаапостальных Мяфодзія і Кірылы, асветнікаў і прапаведнікаў хрысціянства.

Святыя Кірыла і Мяфодзій склалі славянскую азбуку, пераклалі з грэчаскай на славянскую мову некалькі богаслужэбных кніг, у тым ліку выбраныя чытанні з Евангелля, апостальскія пасланні і Псалтыр, што садзейнічала ўвядзенню і распаўсюджванню славянскага богаслужэння.

Браты Кірыла і Мяфодзій нарадзіліся ў Грэцыі ў сям'і высокапастаўленага ваеннага. Мяфодзій, старэйшы з сямі братоў, спачатку, як і бацька, знаходзіўся на ваеннай службе, на працягу дзесяці гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балгарскіх абласцей, а затым пастрыгся ў манахі.

Его брат Канстанцін (у манастве Кірыла) атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі і стаў выдатным філосафам. Ён прыняў сан свяшчэнніка і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Не раз Кірыла быў абаронцам праваслаўя ў спрэчках з ератыкамі і нявернымі. Яму прыпісваюць аўтарства другой славянскай азбукі - глаголіцы.

Кірылу было цяжка жыць у сталічным горадзе і ў хуткім часе ён перабраўся ў манастыр да старэйшага брата Мяфодзія. У манастыры было шмат манахаў-славян, размаўляючы з імі, браты вывучылі славянскую мову.

Па запрашэнні князя Расціслава Кірыла і Мяфодзій у 863 годзе прыбылі ў Вялікую Маравію з рэлігійна-асветніцкай місіяй - прапаведаваць хрысціянства. Вялікая Маравія, якая на той час у свой склад уключала асобныя вобласці сучаснай Чэхіі, Славакіі, Аўстрыі, Венгрыі, Румыніі і Польшчы, ужо была хрысціянскай. Але панавала там нямецкае духавенства, і ўсё богаслужэнне, свяшчэнныя кнігі і багаслоўе былі лацінскія, для славян незразумелыя.

Браты прыбылі ў Маравію са створанай імі славянскай азбукай і ўласнымі перакладамі рэлігійных кніг на славянскую мову. На працягу трох гадоў яны прапаведавалі новую веру, навучалі народ славянскаму пісьменству, адкрывалі храмы. З таго часу для славян настала новае жыццё, з'явілася магчымасць самабытнага духоўнага развіцця пад дабратворным дзеяннем пропаведзі і богаслужэння на роднай славянскай мове. Кірыла і Мяфодзій фактычна сталі стваральнікамі літаратурнай мовы, зразумелай тады для ўсіх славян.

Пасля смерці Кірылы Мяфодзій быў пасвячоны ў епіскапы і прадаўжаў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Ім быў ажыццёўлены поўны пераклад усіх біблейскіх кніг на славянскую мову.

Дзейнасць святых братоў атрымала шырокі рэзананс на тэрыторыі Славіі. Іх вучні завяршылі пачаты Кірылам і Мяфодзіем пераклад Свяшчэннага Пісання і многіх богаслужэбных кніг з грэчаскай на стараславянскую мову. Вучнямі Кірылы і Мяфодзія напісаны жыціі святых братоў, якія былі вельмі папулярнымі і ва ўсходніх славян. Кірыла і Мяфодзій узведзены ў ранг святых каталіцкай і праваслаўнай цэрквамі.

Рукапісныя кнігі Беларусі

З'яўленне рукапісных кніг на беларускіх землях звязана з распаўсюджваннем хрысціянства. Па сваім прызначэнні старажытныя рукапісныя кнігі падзяляліся на богаслужэбныя і чэцці - для чытання.

У Беларусі пры многіх храмах і манастырах былі бібліятэкі, дзейнічалі майстэрні па перапісванні кніг.Цэнтрам масавага стварэння рукапісных кніг на беларускіх землях былі скрыпторыі мітрапалітаў у Вільні і Навагрудку, майстэрні віцебскага Маркава манастыра, супрасльскага Дабравешчанскага, Пінскага Лешчанскага, Жыровіцкага Успенскага манастыроў, скрыпторый Солтанаў у маёнтку Шышкіні каля Вільні, руская канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага. Шматвяковыя традыцыі перапісвання кніг былі пры многіх полацкіх, смаленскіх і віленскіх цэрквах.

Для напісання старажытных славянскіх рукапісных кніг выкарыстоўваліся абедзве славянскія азбукі - кірыліца і глаголіца. Аднак паступова вядучыя пазіцыі заняла кірылічная рукапісная кніга.

Старажытныя рукапісы часта змянялі сваё першапачатковае месцаразмяшчэнне: некаторыя кнігі ствараліся на заказ, іх як найвялікшую каштоўнасць перадавалі з аднаго манастыра або царквы ў іншыя, ахвяравалі або завяшчалі. Таму цяпер часта няпроста ўстанавіць месца стварэння многіх рукапісных кніг. На аснове параўнання некаторых асаблівасцей тэхнікі стварэння і ўпрыгажэння з высокай ступенню верагоднасці да кніг, што з'явіліся на старажытнабеларускіх землях, адносяць Тураўскае Евангелле (XI ст.), Полацкае Eвангелле (XII ст.), Аршанскае Eвангелле (XIII ст.), Лаўрышаўскае Eвангелле, Мсціжскае Eвангелле, Анежскі (Мсціслаўскі) Псалтыр (усе XIII-XIV ст.). Важнымі помнікамі мастацкага афармлення беларускіх рукапісных кніг таксама з'яўляюцца Радзівілаўскі летапіс (XV ст.), Дзесяціглаў, Ваўкавыскае Евангелле, Сапегаўскае Евангелле (усе XVI ст.). У гэтым шэрагу і рукапісныя кнігі, якія змяшчаюць богаслужэбныя тэксты, прызначаныя для спеваў - ірмалогіі. Адны з вельмі каштоўных рукапісных помнікаў старажытнарускага пеўчага мастацтва - Супрасльскі Ірмалогій (XVII ст.) і Давыдкаўскі Ірмалогій (XVIII ст.).

У Вялікім Княстве Літоўскім рукапісныя кнігі існавалі да XVIII стагоддзя. У Беларусі ў асяроддзі старавераў яны выкарыстоўваліся аж да ХХ стагоддзя.

Цэнтрамі збору і вывучэння беларускіх рукапісных кніг у XIX - пачатку XX стагоддзя былі Віленская публічная бібліятэка і Беларускі музей у Вільні, калекцыі якіх цяпер знаходзяцца ў Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы. Найбольшая колькасць беларускіх рукапісных кніг захоўваецца ў Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбургу і Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў, бібліятэках Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу, Украінскай АН у Кіеве, Львоўскага ўніверсітэта, Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы і інш.

Пасля нямецка-фашысцкай акупацыі ў Беларусі засталася невялікая колькасць рукапісных кніг. Знаходзяцца яны ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь.

Першыя друкаваныя кнігі Беларусі

Еўрапейскія друкаваныя кнігі сталі вядомыя на тэрыторыі Беларусі ў канцы XV - пачатку XVI стагоддзя. З'явіліся яны тут у першую чаргу дзякуючы студэнцкай моладзі, якая навучалася ў еўрапейскіх універсітэтах, а таксама дзякуючы гандлёвым сувязям Вялікага Княства Літоўскага з Захадам.

Першыя кнігі шрыфтам славянскага тыпу былі надрукаваны ў Кракаве: на глаголіцы ў 1483 годзе, на кірыліцы - у 1491.

Беларускае кнігадрукаванне з'явілася ў першай чвэрці XVI стагоддзя і звязана з дзейнасцю Францыска Скарыны. Недзе паміж 1512 і 1517 гадамі Скарына прыехаў у Прагу, дзе заказаў друкаванае абсталяванне і пачаў перакладаць кнігі Бібліі, пісаць да іх каментарыі. Першая яго кніга - "Псалтыр" - выйшла ў свет 6 жніўня 1517 года. За няпоўныя тры гады Францыск Скарына пераклаў, пракаменціраваў і падрыхтаваў да друку больш за 20 кніг Бібліі, кожная з якіх пачыналася прадмовай і заканчвалася пасляслоўем.

У 1520-1521 годзе Скарына пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню. У 1522 годзе першай на радзіме з друку выйшла ў свет "Малая падарожная кніжка" - зборнік рэлігійных і свецкіх твораў ад "Псалтыра" да "Саборніка". У кнізе былі абазначаны вясеннія і асеннія раўнадзенства, зімовае і летняе сонцастаянне, падлічаны велікодныя святы, даты зацьменняў сонца і месяца. Кніга была адрасавана як людзям духоўнага звання, так і людзям свецкім, якія па характары сваіх заняткаў павінны былі часта падарожнічаць. У далейшым Францыск Скарына выдаў яшчэ некалькі кніг.

Азнаёміцца з гісторыяй узнікнення і развіцця пісьменства, кнігадрукавання і пісьменніцкай дзейнасці ў Беларусі, убачыць старажытныя рукапісы, старадрукаваныя выданні і рэдкія кнігі, якія сталі сусветнай спадчынай, можна ў Музеі кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.

XXIII Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні

Штогод у Мінску праводзяцца Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні. У гэтым годзе яны праходзяць з 22 па 26 мая і прысвечаны юбілейнай даце - 500-годдзю беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання. Да ўдзелу ў чытаннях запрошаны больш за 200 вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Румыніі. Сярод удзельнікаў дэлегацыя з Расійскай акадэміі народнай гаспадаркі і дзяржаўнай службы пры Прэзідэнце РФ, а таксама прадстаўнікі Агульнацаркоўнай аспірантуры і дактарантуры імя святых Кірылы і Мяфодзія.

Арганізатарамі чытанняў выступаюць міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Хрысціянскі адукацыйны цэнтр імя святых Мяфодзія і Кірылы", Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Інстытут тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы БДУ, БДУКМ, Мінская духоўная акадэмія імя свяціцеля Кірылы Тураўскага.

Штогадовыя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні з'яўляюцца форумам, які на працягу вось ужо больш як 20 гадоў аб'ядноўвае спецыялістаў і вучоных з краін блізкага і далёкага замежжа, што працуюць у галіне багаслоўя, гісторыі, філасофіі, культуралогіі і рэлігіязнаўства. Гэта ўнікальная пляцоўка для абмеркавання навуковых прац, пошукаў у сферы гуманітарных ведаў, абмеркавання праблем міжкультурнага і міжканфесійнага дыялогу, хрысціянскай духоўнасці і яе значэння для сучаснага свету.-0-

Версія для друку
Дасье
Топ-навіны
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Гандаль у святочныя дні Магазінам Мінска з 15 снежня па 15 студзеня рэкамендавана працаваць без закрыцця на рамонт і санітарны дзень.