Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

ДАСЬЕ: Да візіту Прэзідэнта Беларусі ў Туркменістан

Дасье 28.03.2017 | 17:00

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зробіць 29-31 сакавіка афіцыйны візіт у Туркменістан. Кіраўнік дзяржавы правядзе перагаворы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Бакі плануюць абмеркаваць шырокі спектр пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Плануецца, што лідары дзвюх краін таксама прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця комплексу будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане, наведаюць Гарлыкскі горна-абагачальны кабінат, будаўніцтва якога было нядаўна завершана беларускім бокам. Кіраўнікі дзяржаў ва ўрачыстай абстаноўцы дадуць старт рабоце завода, а затым азнаёмяцца з вытворчасцю.

Туркменістан знаходзіцца на паўднёвым захадзе Цэнтральнай Азіі. Тэрыторыя краіны складае 491 тыс. кв.км, насельніцтва - 5,49 млн чалавек. Мяжуе з Афганістанам і Іранам на поўдні, Казахстанам і Узбекістанам на поўначы, абмываецца ўнутраным Каспійскім морам на захадзе. Сталіца - горад Ашхабад.

Сталіца Туркменістана - горад Ашхабад

Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь

устаноўлены 21 студзеня 1993 года. З кастрычніка 1995 года ў Мінску функцыянуе Пасольства Туркменістана, з ліпеня 2002 года ў Ашхабадзе пачало сваю работу Пасольства Рэспублікі Беларусь.

Напрацаваную з 1992 года дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана складаюць звыш 90 дагавораў і пагадненняў рознага ўзроўню.

Візіты на вышэйшым і высокім узроўнях

Пазітыўная дынаміка па ўсіх напрамках супрацоўніцтва грунтуецца на рэгулярных візітах на вышэйшым узроўні кіраўнікоў дзвюх дзяржаў Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава. У 2002, 2009, 2011, 2013 і 2015 гадах адбыліся афіцыйныя візіты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Туркменістан. Прэзідэнт Туркменістана наведаў Беларусь у 2010, 2012, 2014 і 2016 гадах.

У маі 2002 года адбыўся першы афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан. Лідары дзвюх краін заключылі рамачны Дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве.

У час сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў Палацы Прэзідэнта Туркменістана Сапармурата Ніязава ў Ашхабадзе

Чарговы візіт Прэзідэнта Беларусі прайшоў у чэрвені 2009 года. Кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перагаворы з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым. Былі абмеркаваны ўсе напрамкі двухбаковага ўзаемадзеяння, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы сферай культуры. Пры гэтым бакі знайшлі ўзаемаразуменне па ўсіх пытаннях двухбаковага партнёрства. Па выніках візіту падпісаны пакет з 14 дакументаў. У прыватнасці, была дасягнута дамоўленасць аб тым, што Беларусь пабудуе пад ключ горна-абагачальны комплекс на базе Гарлыкскага радовішча калійных солей.

У ходзе візітаў 2011 і 2013 гадоў у цэнтры ўвагі былі пытанні развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі, рэалізацыя буйных двухбаковых праектаў у сферы нафтахіміі, горназдабыўной галіны, паставак беларускай машынабудаўнічай тэхнікі.

Па выніках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістане ў снежні 2015 года быў падпісаны пакет дакументаў. У прыватнасці, Беларусь і Туркменістан падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва на 2016-2017 гады, міжурадавае пагадненне аб узаемным заахвочванні і абароне інвестыцый, праграму супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў на 2016-2017 гады. Акрамя таго, падпісаны дакументы аб супрацоўніцтве ў харчовай і лёгкай прамысловасці, па лініі акадэмій навук дзвюх краін, саюзаў прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў, міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

У маі 2016 года Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў знаходзіўся з афіцыйным візітам у Беларусі. Кіраўнікі дзяржаў дэталёва абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-туркменскага супрацоўніцтва ва ўсіх сферах, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Размова ішла і аб знакавых для дзвюх краін сумесных праектах. Па выніках перагавораў прэзідэнты Беларусі і Туркменістана падпісалі сумесную заяву, накіраваную на далейшае ўмацаванне ўзаемавыгаднага беларуска-туркменскага супрацоўніцтва. Бакі адзначылі неабходнасць актывізацыі двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў барацьбе з экстрэмізмам, міжнародным тэрарызмам і незаконным абаротам наркотыкаў на аснове міжнародных дагавораў, у якіх удзельнічаюць Беларусь і Туркменістан. Прэзідэнты таксама пацвердзілі важнасць умацавання гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і прыняцця практычных мер для павелічэння аб'ёмаў узаемнага гандлю.

На рэгулярнай аснове праходзяць таксама візіты на ўзроўні прэм'ер-міністраў, парламенцкіх дэлегацый, кіраўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі і Туркменістана. Плённы і канструктыўны характар набылі кантакты паміж міністэрствамі замежных спраў дзвюх краін. Рэалізаваны праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам замежных спраў Туркменістана на 2011-2012 гады і на 2014-2015 гады, у стадыі рэалізацыі знаходзіцца падпісаная ў снежні 2015 года праграма на 2016-2017 гады.

Гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва

Туркменістан - адзін са стратэгічных партнёраў Рэспублікі Беларусь у Цэнтральнай Азіі. Пры гэтым прыярытэтным напрамкам двухбаковага ўзаемадзеяння з'яўляецца ўзаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў

У 2016 годзе экспарт тавараў з Беларусі ў Туркменістан склаў $112,8 млн (для параўнання: у 2006 годзе - $14,5 млн). Беларусь у 2016 годзе пастаўляла ў Туркменістан пераважна тавары з высокай дабаўленай вартасцю: грузавыя аўтамабілі, аўтамабілі спецыяльнага прызначэння, трактары, дарожна-будаўнічую тэхніку, абсталяванне і матэрыялы для Гарлыкскага ГАК, правады і кабелі, лекавыя прэпараты, прадукцыю дрэваапрацоўчай прамысловасці, сельскагаспадарчую прадукцыю (спірт этылавы, солад, сыры, фруктовыя сокі).

Безумоўным дасягненнем двухбаковых адносін з'яўляецца супрацоўніцтва па пастаўках беларускай сельскагаспадарчай і аўтамабільнай тэхнікі. Дзякуючы дамоўленасцям прэзідэнтаў, з 2009 па 2016 год у Туркменістан пастаўлена каля 6 тыс. трактароў МТЗ і больш як 10 тыс. грузавых аўтамабіляў маркі МАЗ.

Пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Туркменістан на выпрабаванні накіраваны кормаўборачны камбайн КГ-6 "Палессе". Са жніўня па лістапад 2014 года камбайн праходзіў выпрабаванні ў Ахалскім велаяце пры ўборцы кукурузы. У 2015 годзе на выпрабаванні ў Туркменістан пастаўлены збожжаўборачны камбайн "Гомсельмаш". У 2014 годзе паспяхова прайшлі выпрабаванні ў Туркменістане аўтобусы МАЗ 215, МАЗ 107, МАЗ 231. Ажыццяўляецца рэалізацыя праекта па будаўніцтве шматфункцыянальнага сэрвіснага цэнтра па абслугоўванні беларускай тэхнікі. Пры садзейнічанні беларускага дыпламатычнага прадстаўніцтва ажыццяўляюцца пастаўкі ліфтаў у Туркменістан.

У снежні 2015 года ў выставачным цэнтры "Сергі Кашгі" прайшла сумесная выстаўка-кірмаш прадукцыі Рэспублікі Беларусь і Туркменістана. У тэматычных раздзелах выстаўкі-кірмашу ў шырокім асартыменце была прадстаўлена прадукцыя вядучых галін беларускай эканомікі, на адкрытай пляцоўцы выставачнага цэнтра дэманстраваліся ўзоры тэхнікі "МАЗ", "МТЗ", "Гомсельмаш", "Амкадор". На выстаўку-кірмаш з Рэспублікі Беларусь прыбылі прадстаўнікі 110 прадпрыемстваў і арганізацый, якія прадстаўляюць беларускае машынабудаванне, сельскую гаспадарку, харчовую і лёгкую прамысловасць, дрэваапрацоўку, будаўніцтва, хімічную і нафтахімічную прамысловасць, транспарт і лагістыку, сувязь і інфармацыйныя тэхналогіі, а таксама навуку, адукацыю, медыцыну, спорт і турызм. Прадукцыю прадставілі 15 дылераў, якія працуюць у Туркменістане з беларускімі суб'ектамі гаспадарання. Буйнейшым дылерам беларускіх вытворцаў на выстаўцы-кірмашы стаў Беларуска-Туркменскі гандлёвы дом, які прадставіў прадукцыю 50 прадпрыемстваў.

Важную ролю ў павелічэнні ўзаемнага тавараабароту адыгрывае Міжурадавая беларуска-туркменская камісія па эканамічным супрацоўніцтве. Створаны Дзелавы савет па супрацоўніцтве паміж гандлёва-прамысловымі палатамі Беларусі і Туркменістана. Уклад у пашырэнне таварнай наменклатуры ўзаемных паставак уносіць работа створаных у Ашхабадзе і Мінску гандлёвых дамоў.

Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат

Найбольш значным сумесным беларуска-туркменскім праектам з'яўляецца рэалізацыя кантракта на будаўніцтва беларускімі спецыялістамі пад ключ горна-абагачальнага комплексу па выпуску калійных угнаенняў магутнасцю 1,4 млн т у год на базе Гарлыкскага радовішча калійных солей (Лебапская вобласць Туркменістана).

Беларускія спецыялісты ўзводзяць у Туркменістане Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат

Кантракт ААТ "Белгархімпрам" з дзяржаўным канцэрнам "Туркменхімія" быў падпісаны ў студзені 2010 года. Пасля правядзення неабходных навуковых пошукаў, перадпраектнай падрыхтоўкі і выканання доследна-канструктарскіх мерапрыемстваў беларускі бок у канцы 2011 года пачаў арганізацыю прамысловай пляцоўкі і вядзенне будаўніча-мантажных работ. У 2012 годзе да рэалізацыі праекта былі прыцягнуты буйныя беларускія прамысловыя і будаўніча-мантажныя арганізацыі.

У ліпені 2015 года на Гарлыкскім горна-абагачальным камбінаце шахтапраходчыкамі ААТ "Трэст "Шахтаспецбуд" (Салігорск) здабыта першая тона калійнай руды.

У лютым 2017 года на Гарлыкскім ГАК перад здачай яго ў эксплуатацыю праведзена комплекснае апрабаванне тэхналогіі перапрацоўкі і тэхналагічнага абсталявання флатацыйнай абагачальнай фабрыкі. У ходзе пусканаладачных работ дзвюх тэхналагічных ліній выканана праверка, рэгуліроўка і забеспячэнне працаздольнасці абсталявання ў прадугледжаным праектам тэхналагічным працэсе на халастым ходзе. Дзве тэхналагічныя лініі ў паўаўтаматычным кіраванні выведзены ва ўстойлівы тэхналагічны рэжым.

У выніку комплекснага апрабавання выпушчана пробная партыя канцэнтрату. Атрымана першая тона таварнага прадукту - калію хлорыстага дробнага. Атрыманая прадукцыя па якасці адпавядае патрабаванням міждзяржаўнага стандарту ДАСТ 4568-95 "Калій хлорысты" і ўмовам кантракта. Гэта першыя туркменскія калійныя ўгнаенні, вырабленыя ў прамысловых умовах. Раней узоры канцэнтрату з руд Гарлыкскага радовішча атрымлівалі толькі на міні-пілотнай устаноўцы ў тэхналагічнай лабараторыі ААТ "Белгархімпрам" пры адпрацоўцы тэхналагічных рэжымаў абагачэння калійных солей.

У ходзе падрыхтоўкі да эксплуатацыйных выпрабаванняў па выніках апрабавання будзе праведзена карэкціроўка рэагентнага рэжыму, завершана поўная аўтаматызацыя ўсіх тэхналагічных працэсаў і запушчана пяць тэхналагічных ліній у аўтаматычным рэжыме.

Паспяховы запуск абагачальнай фабрыкі Гарлыкскага ГАК у рэжыме комплекснага апрабавання шмат у чым стаў магчымы дзякуючы рабоце спецыялістаў ААТ "Беларуськалій", якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве, асабліва спецыялістаў-тэхнолагаў.

Урачыстае адкрыццё Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната запланавана на 31 сакавіка 2017 года.

Супрацоўніцтва ў сферы навукі і тэхналогій, адукацыі і культуры

У 2013 годзе актывізавана двухбаковае супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы. У лістападзе ў Мінску праведзена першае пасяджэнне Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій. У гэтай сферы падпісаны шэраг дагавораў, у прыватнасці Праграма супрацоўніцтва паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Рэспублікі Беларусь і Акадэміяй навук Туркменістана ў галіне навукі і тэхналогій.

Пасяджэнне Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве

У лістападзе 2015 года ў Ашхабадзе праведзена другое пасяджэнне Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій.

Тэмамі супрацоўніцтва ў гэтай сферы з'яўляюцца: мікра- і нанадыягностыка, біятэхналогіі, сельская гаспадарка, фармацэўтыка, тэхналогіі па перапрацоўцы калійнай сыравіны, даследаванне сейсманебяспечных тэрыторый, прагназаванне і ацэнка стану будынкаў, вызначэнне сейсмічнай небяспекі ў зоне здабычы карысных выкапняў, падрыхтоўка навуковых кадраў Туркменістана ў Беларусі. У прапрацоўцы знаходзяцца і іншыя пытанні.

Важнейшым і вельмі эфектыўным напрамкам беларуска-туркменскага ўзаемадзеяння з'яўляецца супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. З гэтай мэтай Беларуссю і Туркменістанам падпісаны міжурадавыя пагадненні ў сферы адукацыі, аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях, пагадненне паміж міністэрствамі адукацыі Беларусі і Туркменістана аб супрацоўніцтве ў галіне адукацыі. Цяпер амаль 9 тыс. грамадзян Туркменістана атрымліваюць адукацыю ў Рэспубліцы Беларусь. Частка з іх вучыцца па дзяржаўным і мэтавым наборы для работы на Гарлыкскім горна-абагачальным камбінаце па выпуску калійных угнаенняў.

9 снежня 2015 года ў Ашхабадзе на базе Міжнароднага ўніверсітэта нафты і газу ўпершыню ў гісторыі двухбаковых адносін прайшоў савет кіраўнікоў вышэйшых навучальных устаноў Беларусі і Туркменістана, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі 32 ВНУ дзвюх краін. Бакі абмеркавалі праблемы вышэйшай адукацыі, а таксама правялі двухбаковыя сустрэчы ў рамках заключаных пагадненняў аб супрацоўніцтве.

Інтэнсіўна развіваецца ўзаемадзеянне паміж Беларуссю і Туркменістанам у галіне культуры. Толькі за апошнія гады былі арганізаваны многія культурныя мерапрыемствы, буйнейшымі з якіх сталі Дні культуры Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь (2010, 2014), Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Туркменістане (2012, 2015).

Дакументамі, якія замацоўваюць намер бакоў развіваць адносіны ў гэтай сферы, з'яўляюцца Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь і Туркменістанам аб дружбе і супрацоўніцтве, Пагадненне паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры і тэлерадыёвяшчання Туркменістана аб супрацоўніцтве ў галіне культуры.-0-

Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Дэпазіты на сямейны капітал Стаўка па дэпазіце "Сямейны капітал" на 2017 год складае 1,7 працэнта гадавых. Выкарыстаць грошы можна толькі пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў, за выключэннем трат на медыцынскія паслугі.