Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

ДАСЬЕ: Да 95-годдзя з дня нараджэння Віктара Роўды

Дасье 09.11.2016 | 13:19
Віктар Роўда
Віктар Роўда

У гэтым годзе спаўняецца 95 гадоў з дня нараджэння выдатнага дзеяча харавога мастацтва народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктара Уладзіміравіча Роўды.

Віктар Роўда нарадзіўся 10 лістапада 1921 года ў горадзе Смаргонь Гродзенскай вобласці ў сям'і свяшчэнніка. З дзяцінства далучыўся да веры і захапіўся меладычнымі беларускімі песнямі, якія шанавалі, любілі і часта спявалі ў сям'і Роўда. У шасцігадовым узросце пачаў браць урокі скрыпкі ў аднаго з мясцовых музыкантаў. Бацька Роўда прывёў сына ў хор Віленскай духоўнай семінарыі, дзе той спачатку быў спеваком, а потым і кіраўніком хору. У хуткім часе Віктар Роўда паступіў у духоўную семінарыю, скончыў якую ў 1939 годзе. Адразу ж пасля вайны ён паступіў і на медыцынскі факультэт Вільнюскага ўніверсітэта (спецыяльнасць "хірург"), і ў Літоўскую кансерваторыю.

Маэстра не раз прызнаваўся, што ён доктар, свяшчэннік і артыст у адной асобе.

"Музычныя прадметы мне даваліся лёгка. Але займаўся я больш медыцынай, для яе патрэбна была практыка ў бальніцах. На кансерваторскія заняткі часу заставалася менш. Мая сяброўка, якая вучылася ў кансерваторыі (Соф'я Антонаўна, будучая жонка), усё канспектавала. А я ў яе потым спісваў", - успамінаў у адным з інтэрв'ю Віктар Уладзіміравіч. Аднак музыка ўсё ж такі перамагла.

Ён паступіў у аспірантуру пры Маскоўскай кансерваторыі і вучыўся ў выдатнага харавога дырыжора Аляксандра Васільевіча Свешнікава. Пад яго кіраўніцтвам Роўда шліфаваў сваё майстэрства хормайстра і, з'яўляючыся яшчэ аспірантам, узначальваў хор хлопчыкаў харавога вучылішча, быў адным з хормайстраў Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору. Тады ж ім была напісана і паспяхова абаронена дысертацыя аб праблемах выканання народнай песні ў акадэмічным хоры.

Народны артыст Літоўскай ССР Юозас Домаркас (злева) і народны артыст БССР прафесар Віктар Роўда з удзельнікамі канцэрта. Усесаюзны фестываль "Беларуская музычная восень". 21 лістапада 1984 года

З 1956 года - хормайстар і дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі, адначасова выкладчык у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 1964 года стаў загадчыкам кафедры харавога дырыжыравання і ўзначальваў яе больш як 40 гадоў). З 1975 года - прафесар. Віктар Роўда з'яўляўся мастацкім кіраўніком канцэртнага хору Беларускай акадэміі музыкі. За час работы ім было падрыхтавана больш як 800 хормайстраў. З яго імем звязаны творчыя дасягненні і міжнароднае прызнанне канцэртнага хору студэнтаў акадэміі музыкі. Пасля аднаго з выступленняў хору Беларускай акадэміі музыкі ў час міжнароднага конкурсу харавых калектываў у горадзе Дармштат(Германія) гледачы ў зале так усхвалявана і доўга апладзіравалі (насуперак усім правілам - гэта ж быў не канцэрт, а конкурс), што журы таксама "не вытрымала" і дазволіла хору пад кіраўніцтвам Роўды спець на біс. На гэтым конкурсе Віктару Роўду быў уручаны харавы "Залаты Оскар".

Фестываль мастацтваў "Мінская вясна". Выступае хор Беларускага радыё і тэлебачання. Дырыжыруе кіраўнік хору Віктар Роўда. Красавік 1986 года

"Харавое мастацтва - складанае. Яно не дае магчымасці працаваць на сцэне сваім целам, як у эстрадных спевах. Мы павінны строга стаяць і перадаваць экспрэсію праз міміку, каб твор быў прасякнуты натхненнем. У дзяцінстве мяне выхоўвалі ў строгасці, каб я слухаў дырыжора, уважліва слухаў сваіх калег па партыях, каб адчуваў, што дырыжор і я - адно цэлае. Я выхоўваўся фактычна пры манастыры яшчэ з семінарыі. Там усё трымаецца на паслухмянасці. Як і ў хоры", - расказваў дырыжор.

З 1965 года Віктар Роўда - мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор хору Беларускага тэлебачання і радыё. Усю сваю творчую энергію, веды, вопыт ён накіроўваў на тое, каб хор стаў высокапрафесійным калектывам, атрымаў прызнанне і папулярнасць у Беларусі і за яе межамі. У жніўні 1990 года за вялікія заслугі ў развіцці музычнага мастацтва хору прысвоена ганаровае званне "Акадэмічны". Пад кіраўніцтвам Віктара Роўды хор дэманстраваў сваё выканальніцкае майстэрства ў Расіі, Славеніі, Германіі, Польшчы, Ватыкане. У 2001 годзе хору прысвоена званне "Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь".

Аляксандр Лукашэнка і народны артыст СССР Віктар Роўда. Май 2002 года

Віктар Уладзіміравіч аб'ездзіў з канцэртамі ўвесь свет, зрабіў духоўную музыку здабыткам свецкай публікі, агучыў і запісаў на радыё ўвесь песенны фальклор, сабраны Рыгорам Шырмам. Ён склаў "Хрэстаматыю па чытанні харавых партытур" (1971-1974), "Хрэстаматыю па беларускай харавой опернай літаратуры" (1975), зборнікі "Харавыя канцэрты" (1980, 1982, 1984), "Хоры беларускіх кампазітараў на вершы Я. Купалы і Я. Коласа" (1982), "Харавы вянок" (1985). Яго імя значыцца ва ўсіх буйнейшых музычных энцыклапедыях, сярод яго ўзнагарод - самыя прэстыжныя ордэны, прэміі і Гран-пры міжнародных конкурсаў.

"Віктар Роўда не проста цудоўны артыст, гэта манументальная асоба для нас усіх. Па яго падручніках, я ўпэўнены, будзе вучыцца яшчэ не адно пакаленне музыкантаў", - гаварыў пра дырыжора кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі Міхаіл Фінберг.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Аляксій Другі і прафесар Віктар Роўда. Май 2002 года

"Для мяне самае галоўнае - спевы, музыка, рэлігія", - так вызначаў сваё жыццёвае крэда Віктар Уладзіміравіч.

Творчасці хормайстра ўласцівы ўдумлівае стаўленне да музычных твораў, імкненне да высокай якасці гучання харавога многагалосся, глыбокая інтэрпрэтацыя музычных твораў. Таксама ён з'яўляецца непераўзыдзеным інтэрпрэтатарам літургічнай музыкі. Роўда шчодра дзяліўся сваімі ведамі з вучнямі. Сёння сотні яго вучняў кіруюць царкоўнымі і прафесійнымі харавымі калектывамі, спяваюць, выкладаюць музыку і спевы дзецям.

Народны артыст СССР прафесар Віктар Роўда на адкрыцці Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" ў Магілёве. Май 2005 года

Як успамінала яго ўнучка Ірына Баранава, на Вялікдзень і Каляды іх кватэра ледзьве ўмяшчала шматлікіх гасцей, хоць спецыяльна нікога не запрашалі. Вучні - былыя і "дзеючыя" - прыходзілі без папярэджання, традыцыя чаяпіццяў у Роўды існавала не адно дзесяцігоддзе.

Маэстра актыўна займаўся грамадска-асветнай работай, выступаў арганізатарам рэспубліканскіх свят, аглядаў харавой самадзейнасці, шматразова ўдзельнічаў у якасці члена журы розных харавых фестываляў і конкурсаў. Прафесар знаходзіўся ў пастаянным творчым пошуку і ўдасканаленні, у яго была свая асаблівая тэхніка кіравання хорам. Традыцыі, закладзеныя Віктарам Роўдам, жывуць і па сённяшні дзень. Іх берагуць і паважаюць усе тыя, каму хоць раз даводзілася працаваць з ім.

Віктар Роўда. Лістапад 2004 года

"Кожны чалавек у адказе перад Богам, перад самім сабой, перад грамадствам, і ён павінен хаця б час ад часу задавацца пытаннем: хто я на гэтай зямлі, што раблю, чым напоўнена мая душа?" - гаварыў прафесар. Роўда служыў харавой справе і бачыў у гэтым служэнні сэнс свайго жыцця.

Памёр Віктар Роўда 18 лістапада 2007 года. Ён пахаваны на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску.

За сваю самаадданую творчую працу Віктар Роўда ўдастоены прэміі "За духоўнае адраджэнне", узнагароджаны медалямі, ордэнамі, у тым ліку ордэнам Францыска Скарыны, таксама з'яўляецца поўным кавалерам ордэна РПЦ святога князя Данііла Маскоўскага.-0-

Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Трэць жылля ў Беларусі будуецца для маючых патрэбу У студзені-кастрычніку 2017 года пабудавана 34,8 тыс. новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 3 050,6 тыс. кв.м агульнай плошчы жылля.