Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
Усе навіны

ДАСЬЕ: Да 90-годдзя з дня нараджэння Гаўрылы Вашчанкі

Дасье 19.06.2018 | 11:35
Беларускі мастак Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка. Лістапад 1992 года
Беларускі мастак Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка. Лістапад 1992 года

Лёс падарыў Гаўрылу Вашчанку сапраўднае прызванне - несці людзям прыгажосць і абуджаць у іх сэрцах любоў да роднага краю. Сваімі палотнамі патрыярх беларускіх манументалістаў адзначыў мастацкую стылістыку 60-80-х гадоў мінулага стагоддзя. Усе яны даўно і трывала ўвайшлі ў залаты фонд выяўленчага мастацтва Беларусі.

Народны мастак БССР, заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар, акадэмік жывапісу Гаўрыла Харытонавіч Вашчанка прайшоў нялёгкі творчы шлях. Нарадзіўся будучы мастак 20 чэрвеня 1928 года на Гомельшчыне, у вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна. У час вайны вёска была спалена ворагам, а сам падлетак знайшоў прыстанак у партызанскім атрадзе. Праз шмат гадоў гэты факт з асабістай біяграфіі навеяў мастаку сюжэт яго вядомай карціны "Балада пра мужнасць", якая была ўдастоена сярэбранага медаля імя Мітрафана Грэкава.

У 1948 годзе Гаўрыла Харытонавіч скончыў Кіеўскае вучылішча прыкладных мастацтваў, а праз сем гадоў - Львоўскі інстытут прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва. Некаторы час выкладаў у Кішынёўскім мастацкім вучылішчы. Ва ўзросце 29 гадоў быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР.

Пазней лёс звёў Гаўрылу Вашчанку з вядомым беларускім мастаком Уладзімірам Стальмашонкам: мастакі пазнаёміліся на ўсесаюзнай выстаўцы ў Маскве. Сустрэча стала для Гаўрылы Вашчанкі лёсавызначальнай: праз некалькі гадоў па запрашэнні свайго калегі ён прыехаў у Мінск, каб узначаліць кафедру манументальна-дэкаратыўнага мастацтва ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). У 1961 годзе Гаўрыла Харытонавіч ажыццявіў першы набор на спецыяльнасць "Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва". Майстар прысвяціў Беларускай акадэміі мастацтваў 46 гадоў свайго жыцця, выхаваўшы не адно пакаленне таленавітых мастакоў. Званне прафесара яму было прысвоена ў 1980 годзе.

Творчая спадчына Гаўрылы Вашчанкі вызначаецца неверагоднай разнастайнасцю. Ён працаваў у галіне станковага і манументальнага жывапісу, акварэлі, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа і нацюрморта. У сваіх творах мастак звяртаўся да тэмы глыбокага грамадзянскага зместу, патрыятызму, любові да радзімы. Шэраг карцін ён прысвяціў падзеям мінулага і гістарычным асобам.

Значнымі работамі мастака ў галіне манументальнага мастацтва з'яўляюцца размалёўкі ў Палацы культуры Светлагорска, Доме настаўніка, вітражы ў касцёле святых Сымона і Алены, кінатэатры "Масква" ў Мінску.

Вобраз роднай Беларусі знайшоў адлюстраванне не толькі ў маштабных працах мастака, звязаных з архітэктурай. Жывапісныя палотны "Маё Палессе", "Мацярынскія крылы", "Мой край" - гэта роздум пра мінулае роднай зямлі і праблемы сучаснасці. Важным падзеям беларускай гісторыі прысвечаны палотны "Бітва пад Грунвальдам", "Леў Сапега ў Гальшанах", трыпціх пра паўстанне Каліноўскага "За зямлю, за волю", "Прарыў", "Мір зямлі маёй", "Ліпеньскі мёд" і многія іншыя. Міфалагічныя матывы знайшлі адлюстраванне ў карцінах "Вечнасць", "Лада", "Лёль і Лель". Мастаку належаць таксама серыі партрэтаў пісьменнікаў, асветнікаў, дзяржаўных дзеячаў Беларусі: Янкі Купалы, Якуба Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Льва Сапегі, Вітаўта і іншых. Сваё творчае крэда, стаўленне да свету, людзей і падзей мастак выказаў у карціне "Дыялогі", у якой знайшлося месца і квадрату Малевіча, і старажытнарускаму іканапісу.

Глыбока перадаюць адчуванні самабытнасці беларускай зямлі пейзажы Гаўрылы Вашчанкі. Яго называюць стваральнікам бурштынавага пейзажу, які вылучаецца цёплым каларытам, празрыстасцю, перавагай залацістых тонаў.

Работы Гаўрылы Вашчанкі не раз былі адзначаны ўзнагародамі і прэміямі. Талент і плённая дзейнасць прынеслі мастаку вядомасць і прызнанне не толькі на радзіме, але і далёка за яе межамі. У 1984 годзе ён стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1995 годзе быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Міжнародны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы прысудзіў мастаку ганаровыя званні "Чалавек года 1992, 1996", "Чалавек ХХ стагоддзя", імянны сярэбраны медаль і "Залаты дыск".

Карціны знакамітага беларуса экспанаваліся ў Аўстрыі, Алжыры, Англіі, Балгарыі, Венгрыі, Даніі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Францыі, ФРГ, Чэхаславакіі і іншых краінах. Палотны Гаўрылы Вашчанкі захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Нацыянальным музеі ўкраінскага мастацтва, нацыянальных мастацкіх музеях Малдовы і Балгарыі.

У 2002 годзе ў Гомелі адкрылася пастаянна дзеючая "Карцінная галерэя Г.Х. Вашчанкі". Аснову экспазіцыі склалі палотны, перададзеныя мастаком у дар Гомелю. Сярод іх - калекцыя уласных работ Гаўрылы Вашчанкі, а таксама прыналежныя яму творы беларускіх майстроў.

У 2013 годзе Гаўрылу Вашчанку было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Гомеля за вялікі асабісты ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва і значную дзейнасць па захаванні культурнай спадчыны горада.

Гаўрыла Вашчанка памёр 14 лютага 2014 года. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках .-0-

Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Традыцыі Яблычнага Спаса Яблычны Спас прыпадае на 19 жніўня. Гэта другі па ліку Спас, што ідзе за Мядовым Спасам (14 жніўня) і папярэднічае Палатнянаму (29 жніўня).