Мабільная версія
ДЗЯРЖОРГАНЫ
Апошнія навіны
"Экалагічны марафон-2018" у Гомелі
Учора 13:11 Фотарэпартаж
Усе навіны

ДАСЬЕ: Да 110-годдзя народнага мастака Беларусі Заіра Азгура

Дасье 15.01.2018 | 16:30
Заір Ісакавіч Азгур. Снежань 1977 года
Заір Ісакавіч Азгур. Снежань 1977 года

15 студзеня спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння таленавітага беларускага скульптара, народнага мастака Беларусі, народнага мастака СССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, правадзейнага члена Акадэміі мастацтваў СССР, Героя Сацыялістычнай Працы Заіра Ісакавіча Азгура.

Заір Азгур - патрыярх беларускага выяўленчага мастацтва, аўтар шматлікіх псіхалагічных партрэтаў дзеячаў культуры, вучоных і рабочых, пісьменнікаў і паэтаў, вядомых дзяржаўных і грамадскіх лідараў, філосафаў і мысліцеляў, рэвалюцыянераў і барцоў за народнае шчасце розных краін і эпох, герояў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху. Ён з'яўляецца аўтарам скульптурнага ансамбля на плошчы Якуба Коласа і кампазіцыі "Слава загінулым воінам" на адной з граней манумента Перамогі ў Мінску.

Нарадзіўся будучы скульптар 15 студзеня 1908 года ў вёсцы Маўчаны Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. З ранняга дзяцінства ён цікавіўся жывапісам і скульптурай. Першымі яго настаўнікамі былі разьбяр па дрэве Юган Глек і ганчар Піліп Патапенка, якія навучылі Азгура ляпіць з гліны фігуркі людзей і звяроў і паказалі прыгажосць традыцыйнай беларускай глінянай цацкі. Пераломным момантам у жыцці скульптара стала вучоба ў студыі жывапісца і педагога Юдаля Пэна. Затым была вучоба ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Прафесійную адукацыю Заір Ісакавіч атрымліваў у Ленінградскім вышэйшым і Кіеўскім мастацкіх інстытутах, Тбіліскай акадэміі мастацтваў.

Заір Азгур. Студзень 1978 года

Сваю творчую дзейнасць у Мінску Заір Азгур пачаў у 1930 годзе. Талент маладога скульптара заўважылі адразу. Ужо ў 1920-я гады ім былі створаны скульптурныя партрэты беларускіх асветнікаў Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, беларускага пісьменніка Змітрака Бядулі. У 1932-1933 гадах скульптар працаваў над партрэтамі Фелікса Дзяржынскага, Аляксандра Мяснікова і Гракха Бабёфа для Дома ўрада ў Мінску. Таксама ў 1930-я гады ім былі створаны серыі партрэтаў дзяржаўных, партыйных дзеячаў Рыгора Арджанікідзэ, Іосіфа Сталіна, Алены Стасавай, а таксама дзеячаў культуры Ларысы Александроўскай, Якуба Коласа, Янкі Купалы. У 1938 годзе скульптар стварыў партрэты Карла Маркса, Фрыдрыха Энгельса і Уладзіміра Леніна. У 1940 годзе за ўдзел у выставе работ беларускіх мастакоў у дні дэкады беларускага мастацтва ў Маскве ён быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. У тым жа годзе быў прыняты ў члены Саюза мастакоў СССР.

У перыяд Вялікай Айчыннай вайны Заір Азгур змяніў разец скульптара на аловак графіка і прыняў удзел у афармленні плаката-газеты "Раздавім фашысцкую гадзіну". У 1942-1944 гадах ён працаваў пры Цэнтральным штабе партызанскага руху ў Маскве, дзе стварыў галерэю партрэтаў герояў вайны - Льва Даватара, Андрэя Яроменкі, Георгія Жукава, Канстанціна Ракасоўскага і іншых.

У 1944 годзе Азгуру было прысвоена званне народнага мастака БССР. Вярнуўшыся ў Мінск, ён працаваў галоўным мастаком Дома ўрада.

Азгур са сваімі вучнямі ў творчай майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР. 27 студзеня 1983 года

У пасляваенныя гады побач з гераічнай тэмай у творчасці Азгура вялікае месца займала гістарычная тэма. У залаты фонд назаўсёды ўвайшла галерэя партрэтаў праслаўленых прадстаўнікоў беларускай культуры мінулага - Францыска Скарыны, Цёткі, Францішка Багушэвіча, выдатных дзеячаў літаратуры і мастацтва Беларусі - Якуба Коласа, Янкі Купалы, Кандрата Крапівы, Паўлюка Багрыма, Сяргея Селіханава, Уладзіміра Дзядзюшкі. Героі Азгура - самыя розныя. Практычна кожнага з іх ён ведаў асабіста. Напрыклад, у час сеансаў з народным паэтам Беларусі Якубам Коласам класік літаратуры пастаянна жартаваў, весяліў Азгура анекдотамі і пастаянна чытаў яму свае любімыя главы з паэмы "Новая зямля". А вядомы герой дзед Талаш хацеў, каб скульптар паказаў яго для гісторыі абавязкова на кані і з шашкай.

Але не толькі партрэтны жанр прывабліваў Заіра Ісакавіча. Шырока вядомы яго дасягненні ў манументальнай скульптуры - ужо названы вышэй ансамбль-помнік Якубу Коласу ў Мінску, шматлікія манументы і помнікі-бюсты дзяржаўным дзеячам, героям-патрыётам і стваральнікам - Пятру Машэраву, Сяргею Грыцаўцу, Янку Купалу і іншым.

Народны мастак БССР скульптар А.А. Анікейчык, скульптар народны мастак БССР З.І. Азгур, старшыня калгаса У.Л. Бядуля і кампазітар народны артыст БССР І.М. Лучанок. Камянецкі раён, калгас

Многія творы майстра праслаўляюць наша мастацтва за межамі Беларусі. У Барадзіно пад Масквой знаходзіцца помнік-бюст паўкаводцу Пятру Баграціёну. У Калькуце ўстаноўлены велічны помнік Рабіндранату Тагору. Яго манументальныя скульптуры ёсць у Астрахані, Рыбінску, Махачкале, Кітаі, Балгарыі, Індыі. Ім створаны партрэты кіраўнікоў урадаў і кіраўнікоў камуністычных партый свету - Хо Шы Міна, Маа Цзэдуна, Марыса Тарэза, Кім Ір Сена і іншых міжнародных дзеячаў.

У 1968 годзе скульптар быў выбраны намеснікам старшыні Рэспубліканскага камітэта абароны міру, а ў 1969 годзе ўзнагароджаны медалём Савецкага фонду міру і залатым медалём "Змагар за мір".

З 1981 года Заір Азгур кіраваў творчай майстэрняй Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску. У 1980-я гады ім створаны партрэты кінааператара Іосіфа Вейняровіча, беларускага паэта-гуманіста эпохі Адраджэння Міколы Гусоўскага і драматурга Аркадзя Маўзона.

Народны мастак Беларусі скульптар Заір Азгур (справа) у сваёй майстэрні. Ліпень 1987 года

Заір Азгур быў шматграннай асобай: ён ствараў не толькі скульптуры і помнікі, але і зарэкамендаваў сябе як пісьменнік, ілюстратар. Ён аўтар мемуараў "Незабыўнае" і "Тое, што помніцца...", многіх публіцыстычных артыкулаў па мастацтве.

Заір Ісакавіч пражыў доўгае і насычанае жыццё. Ён атрымаў амаль усе званні і ўзнагароды, якія існавалі ў Савецкім Саюзе. За сваю творчую дзейнасць ён узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонай Зоркі і Дружбы народаў, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалём Францыска Скарыны. Двойчы яму прысвойвалася Дзяржаўная прэмія СССР.

Азгур у сваёй майстэрні. 22 снежня 1992 года

Ён быў шчаслівы і сярод сяброў-аднадумцаў, і ў сям'і, і сярод моладзі, і на зямлі Віцебшчыны, дзе нарадзіўся, і ў Мінску. Са сваёй жонкай Галінай Гаўрылаўнай яны пражылі доўгае і цікавае жыццё. Яны пастаянна раіліся, ды і жонка была яго вечным тылам. Дом заўсёды быў поўны самых вядомых гасцей, сярод якіх былі Якуб Колас, Янка Купала, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Аркадзь Куляшоў.

Міністр замежных спраў Ізраіля Шымон Перэс у майстэрні народнага мастака скульптара Заіра Азгура. 24 жніўня 1992 года

Памёр таленавіты скульптар у 1995 годзе. Для ўвекавечання яго памяці ў Віцебску на будынку былога Віцебскага мастацкага тэхнікума, у якім вучыўся скульптар, і на доме нумар 13 на праспекце Незалежнасці ў Мінску былі ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі. Яго імем названа вуліца ў Мінску.

У былой творчай майстэрні Заіра Азгура, пабудаванай у Мінску ў 1984 годзе па праекце знакамітага беларускага архітэктара Вальмена Аладава спецыяльна для скульптара, адкрыў мемарыяльны музей. Тут Азгур працаваў на працягу адзінаццаці гадоў, у гэтым доме сёння найбольш поўна прадстаўлена яго творчая спадчына. Майстэрня была не толькі месцам ажыццяўлення творчых праектаў скульптара, але і сапраўдным прыстанішчам беларускай творчай інтэлігенцыі, аб чым сведчаць шматлікія архіўныя матэрыялы, кнігі з аўтографамі знакамітых літаратаў, карціны вядомых мастакоў.

Пасля смерці скульптара ў 1995 годзе яго сям'я перадала дом-майстэрню дзяржаве для арганізацыі мемарыяльнага музея. У 1996 годзе быў створаны "Мемарыяльны музей З.І. Азгура", філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Па распараджэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2004 годзе музей стаў муніцыпальным.

Творы мастака таксама знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі (г. Масква), Астраханскай абласной карціннай галерэі, Малдаўскім мастацкім музеі (г. Кішынёў) і іншых установах культуры.-0-

Версія для друку
Дасье
Надвор'e
Мінск
Баранавічы
Бабруйск
Барысаў
Брэст
Варшава
Вільнюс
Віцебск
Гомель
Гродна
Жлобін
Кіеў
Ліда
Мінск
Магілёў
Мозыр
Масква
Орша
Полацк
Рыга
Санкт-Пецярбург
Салігорск

Інфаграфіка

Асноўныя сацыяльна-эканамічныя паказчыкі Беларусі ў студзені-сакавіку Студзень-сакавік 2018 года да студзеня-сакавіка 2017 года: ВУП - 105,1%, выпуск прадукцыі прамысловасці* - 109,4%, выпуск прадукцыі сельскай гаспадаркі - 101,9%.