Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 верасня 2016, 12:30

Звання "Ганаровы паляшук" удастоены прадстаўнікі прамысловасці, сельскай гаспадаркі і культуры

26 верасня, Ляскавічы /Валерый Сідорчык - БЕЛТА/. Народнаму артысту Беларусі, мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага акадэмічнага хору імя Г.І. Цітовіча Міхаілу Дрынеўскаму прысвоена званне "Ганаровы паляшук". Ганаровы дыплом і сімвалічная статуэтка ўручаны яму 24 верасня на цырымоніі адкрыцця міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Аналагічнага звання ўдастоены таксама былы генеральны дырэктар ААТ "Мазырскі НПЗ" Анатоль Купрыянаў і старшыня СВК "Фядорскі" Столінскага раёна Рыгор Дзямко.

Міністр культуры Барыс Святлоў, які ўручаў узнагароды, адзначыў, што гэта высокае званне прысвойваецца тым, хто з'яўляецца не проста ўраджэнцам Палесся, а хто спаўна дзеліцца з ім талентам і дарам, атрыманым пры нараджэнні. "Сёння нашы лаўрэаты прадстаўляюць тры важныя сферы: прамысловасць, сельскую гаспадарку і культуру. Гэта тры кіты, на якіх стаіць не толькі палеская зямля, але і ўся зямля Беларусі. Гэта надзейная апора дасць магчымасць нашай краіне развівацца і працвітаць у будучым", - падкрэсліў ён.

У цырымоніі адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел больш за 300 артыстаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Малдовы, Латвіі. Гледачоў віталі таксама творчыя калектывы, якія ўдзельнічалі ў розных фестывалях у Гомельскай вобласці на працягу года.

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый "Кліч Палесся" праходзіў у аграгарадку Ляскавічы (Петрыкаўскі раён) чацвёрты раз.

Званне "Ганаровы паляшук" прысвойваецца людзям, якія ўнеслі вялікі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларускага Палесся, а таксама захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый гэтага рэгіёна. Рашэнне прымаецца аргкамітэтам фестывалю.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі