Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 лютага 2018, 13:42

Зоркі сусветнай оперы Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў: у Мінску цудоўная публіка

12 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зоркі сусветнай оперы Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў лічаць публіку ў Мінску цудоўнай. Сваімі эмоцыямі артысты падзяліліся ў відэазвароце, што апублікавалі пасля канцэрта адкрыцця V Міжнароднага фестывалю "Уладзімір Співакоў запрашае...", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Выступленне Ганны Нятрэбка і Юсіфа Эйвазова ў Мінску на адной сцэне адбылося ўпершыню. Тут зоркі атрымалі гарачы прыём. Паводле слоў артыстаў, канцэрт у Мінску быў трэцім пасля Манака і Масквы, і яны рады і шчаслівы магчымасці выступіць з маэстра Співаковым. Артысты падзякавалі ўсім гледачам за цудоўны прыём, кветкі, апладысменты, любоў і падарункі.

Канцэрт-адкрыццё 10 лютага стаў галоўнай падзеяй фестывалю - самыя запатрабаваныя оперныя спевакі ў свеце Ганна Нятрэбка і Юсіф Эйвазаў падарылі гледачам цудоўны вечар вядомых оперных арый.

У канцэрце з камерным аркестрам "Віртуозы Масквы" маэстра Співакоў парадуе гледачоў не толькі як дырыжор, але і сам будзе саліраваць на скрыпцы ў час канцэрту для дзвюх скрыпак Баха. Па запрашэнні Співакова ў канцэрце прыме ўдзел і юная піяністка з Японіі Шыа Акуі - лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят Міжнароднага дабрачыннага фонду Уладзіміра Співакова. Пашыраючы геаграфію фестывалю, "Віртуозы Масквы" разам з маэстра выступяць 11 лютага ў Магілёве, 12 лютага - у Гомелі, 13 лютага - у Мінску.

Знаёмства з узыходзячымі зоркамі класічнай музыкі для мінчан прадоўжыцца на канцэрце ў Белдзяржфілармоніі, дзе выступяць таленавітыя маладыя музыканты - піяністка Лівіка Сокалаў (Малдова) і скрыпач Юрый Рэвіч (Расія). Юрый Рэвіч дэбютаваў у 2009 годзе ў нью-ёркскім Карнэгі-холе і выступаў у такіх прэстыжных залах, як Ла Скала, Музікферайн, Тонхале ў Цюрыху і інш. Нягледзячы на малады ўзрост, музычныя крытыкі неаднаразова адзначалі глыбіню і сталасць яго выканання. Яго таксама называюць адным з самых выразных і рознабаковых музыкантаў свайго пакалення. Лівіка Сокалаў пачала займацца музыкай у шэсць гадоў. Дачка кампазітара і піяністкі, Лівіка прымала ўдзел у прэстыжных музычных конкурсах і фестывалях, дзе выступала на адной сцэне з зоркамі. У тым ліку юная піяністка з Малдовы заявіла пра сябе ўсяму свету на конкурсе "Еўрабачанне" для маладых музыкантаў у 2014 годзе. Салісты выступяць у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі, за дырыжорскім пультам - маэстра Аркадзь Берын.

Завяршальным акордам фестывалю стане мінская прэм'ера ў Вялікім тэатры экстравагантнай пастаноўкі "Корпс" Нацыянальнага балета Марсэля. Наватары сучаснага балета Пітэр Шольтэн і Эміа Грэка пакажуць мінскім гледачам танец на грані магчымасцей, у якім кожны танцор індывідуальны. "Корпс" - не проста сучасны балет, гэта спектакль, у якім мова цела гаворыць сама за сябе, даючы магчымасць танцорам бунтаваць на сцэне і падрываць каноны класічнага балета.

V Міжнародны фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае..." праходзіць у Беларусі з 10 па 15 лютага. Сустрэчы, якія маэстра Співакоў праводзіць раз у два гады, нязменна запамінаюцца яркімі канцэртамі з удзелам сусветных зорак, тэатральнымі пастаноўкамі і выступленнямі маладых талентаў.

Фестываль "Уладзімір Співакоў запрашае..." праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі