Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
25 мая 2016, 18:55

Зазірнуць у гарадскую кватэру канца XIX - пачатку XX стагоддзя могуць наведвальнікі выстаўкі ў Мінску

25 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першая частка калекцыі, якая расказвае аб гарадской і мяшчанскай культуры другой палавіны XIX стагоддзя - першай палавіны XX стагоддзя, экспануецца на выстаўцы ў музеі ў аддзеле старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры цэнтра Барыс Лазука.

Выстаўка "Пад знакам хрустальнай зоркі", якая будзе працаваць да сярэдзіны лета, дае некаторае разуменне, як жылі мяшчане ў канцы XIX - пачатку XX стагоддзя. Як растлумачыў мастацтвазнавец, да гэтага часу беларуская культура часцей за ўсё прадстаўляецца праз традыцыйную народную культуру, краязнаўчыя музеі маюць экспазіцыі, якія дэманструюць сялянскі побыт. Гарадскі ж побыт, арыстакратычная культура, як правіла, застаюцца па-за сферай увагі музейшчыкаў. Толькі лічаныя музеі прадстаўляюць побыт вышэйшых слаёў грамадства.

У музеі аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН захоўваюцца вялікія калекцыі народнага мастацтва, бытавой культуры. Выстаўка "Пад знакам хрустальнай зоркі" ўпершыню сабрала частку такіх экспанатаў. Асноўны аб'ём экспазіцыі склалі вырабы са шкла беларускіх заводаў і кераміка. Усе экспанаты сабраны намаганнямі вядомага мастацтвазнаўцы Маі Яніцкай. Даследчык заклала аснову многіх напрамкаў у вывучэнні беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але шкло стала асновай яе навуковых інтарэсаў.

Экспануюцца таксама бытавы тэкстыль, абутак, упрыгажэнні - самыя разнастайныя рэчы, што характарызуюць гарадскі і мяшчанскі побыт другой палавіны XIX стагоддзя - першай палавіны XX стагоддзя. Тут наведвальнікі змогуць убачыць прыборы для галення, якімі карысталіся да вайны, акуляры, фотаапарат, парфумерныя і чарнільныя наборы. На вітрыне таксама пачак запалак 1962 года, вышытая сумачка.

Асобны прадмет экспазіцыі - шафа, як мяркуецца, 50-х гадоў XX стагоддзя. Гэты экспанат ручной работы з разьбой па дрэве і ўстаўкамі з карэльскай бярозы знойдзены ў Акадэміі навук у падсобных памяшканнях. У свой час ён знаходзіўся ў кабінеце прэзідэнта Акадэміі навук.

Як падзяліўся Барыс Лазука, выстаўка дала магчымасць прадставіць невялікую частку калекцыі, якая ўвесь час папаўняецца. Напрыклад, знойдзены дзіцячыя цацкі - так званыя галышкі, старадаўнія шалі, гадзіннікі, дзве пары ботаў, падбітых драўлянымі цвікамі. Асабліва складана знайсці такія рэчы, як сукенкі, блузкі, фартухі, спадніцы, якія зношваліся, выходзілі з ужытку. На фарміраванне калекцыі ідуць гады, а такая экспазіцыя дасць магчымасць захаваць веды аб недалёкім мінулым, бытавых сведчанняў якога засталося няшмат, падкрэсліў вучоны.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі