Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
11 мая 2018, 12:55

Заяўкі на ўдзел у адборах тэлеконкурсу "Талент краіны" прымаюцца да 15 мая

11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Заяўкі на ўдзел у адборах тэлеконкурсу "Талент краіны" прымаюцца да 15 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе АНТ.

Стаць удзельнікам грандыёзнага тэлепраекта могуць таленавітыя дзеці з усіх куткоў Беларусі ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў. Адбор будзе праводзіцца па чатырох напрамках: вакальны жанр (народны, акадэмічны, эстрадны), харэаграфічнае майстэрства (народная харэаграфія, класічная, сучасная), інструментальнае майстэрства і арыгінальны жанр (акцёрскае майстэрства, цыркавое мастацтва, мастацкая дэкламацыя).

Заявіць пра сябе на ўсю краіну змогуць не толькі сольныя выканаўцы, але і творчыя калектывы (не больш за тры чалавекі). Перавагу будуць мець удзельнікі, лаўрэаты і прызёры нацыянальных і міжнародных конкурсаў.

Для ўдзелу ў адборы неабходна запоўніць анкету на сайце тэлеканала АНТ. Чакаць адказу на заяўку не трэба, а адразу прыходзіць на кастынг. З 17 па 20 мая будзе праводзіцца адборачны тур конкурсу, па выніках якога вызначаць 48 удзельнікаў праекта (сольных выканаўцаў і калектываў). Эфіры "Таленту краіны" (трэці сезон) плануюцца восенню.

Расклад кастынгаў:

Народны, акадэмічны і эстрадны вакал - 17 мая з 10:00 да 18:00 (Беларуская акадэмія музыкі, вул. Інтэрнацыянальная, 30);

Народная, класічная і сучасная харэаграфія - 18 мая з 10:00 да 18:00 (Беларуская акадэмія музыкі, вул. Інтэрнацыянальная, 30);

Інструментальнае мастацтва - 19 мая з 10:00 да 18:00 (Беларуская акадэмія музыкі, вул. Інтэрнацыянальная, 30);

Арыгінальны жанр (акцёрскае і цыркавое мастацтва, мастацкая дэкламацыя) - 20 мая з 10:00 да 18:00 (Беларуская акадэмія музыкі, вул. Інтэрнацыянальная, 30).

Падрабязнасці па тэлефоне: +375 17 2843411.

Маштабны агульнарэспубліканскі дзіцячы тэлевізійны конкурс "Талент краіны" праводзіцца ў мэтах падтрымкі таленавітай моладзі і развіцця творчага патэнцыялу адораных дзяцей у розных відах мастацтва. Яго арганізатары - тэлеканал АНТ, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі і Беларусбанк.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі