Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
13 лютага 2018, 11:04

Выставачны праект "Маляўнічыя арнаменты родных моў" прадставіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі

13 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выставачны праект "Маляўнічыя арнаменты родных моў" прадставіць Нацыянальная бібліятэка Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў НББ.

Выстава, якая адкрыецца 14 лютага, прымеркавана да Міжнароднага дня роднай мовы, які штогод адзначаецца 21 лютага. Нацыянальная бібліятэка Беларусі сумесна з грамадскім аб'яднаннем украінцаў "Ватра", Мінскім грамадскім аб'яднаннем украінцаў "Заповіт" і таварыствам дружбы народаў "Беларусь-Украіна" падрыхтавала выставачны праект да гэтага дня. Яго ідэя - паказаць багацце, хараство і непаўторнасць беларускай і ўкраінскай моў, іх непарыўную сувязь з народнай творчасцю, падкрэсліць лейтматыў мовы ў вышыўцы, жывапісе і друкаваным слове.

Вышыўка будзе прадстаўлена ручнікамі ўкраінскіх майстроў, удзельнікаў многіх выстаў Алены Дудко, Мар'яны Жукоўскай, Іны Мох, Надзеі Німко і інш. У гэтых работах знайшлі адлюстраванне багацце прыродных, гістарычных і культурных умоў, узаемасувязь з іншымі нацыянальнасцямі. Праект падтрыманы выхадам у свет друкаванага альбома "Украінская вышыўка - духоўная і культурная спадчына ўкраінцаў у Беларусі".

Другая частка выставы - работы мастачкі Алены Васільевай, якія на мове колеру паведамяць пра жывапіснасць роднай прыроды. Паркі Мінска, квітнеючыя сады, рэкі, неба і прамяні сонца - вось, што з'яўляецца сапраўднай крыніцай натхнення для майстра.

Трэцяй, завяршальнай часткай экспазіцыі стане кніжная выстава "Родная мова - крыніца натхнення", якая прадставіць увазе гасцей каля 40 выданняў, прысвечаных прыгажосці мовы.

У свеце налічваецца каля 7 тыс. моў, аднак колькасць жывых моў скарачаецца з сярэдняй скорасцю адна на два тыдні. Паводле ацэнак ЮНЕСКА, палавіна з іх у бліжэйшы час можа страціць апошніх носьбітаў. Каб прадухіліць гэты працэс і захаваць разнастайнасць культур, кожны год адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі