Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 верасня 2019, 15:36

Выстава жывапісу "Вобразы Тадэвуша Касцюшкі і блізкіх яго сэрцу дам" адкрылася ў Косаве

26 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Выстава жывапісу "Вобразы Тадэвуша Касцюшкі і блізкіх яго сэрцу дам" адкрылася ў мемарыяльным музеі-сядзібе імя Т.Касцюшкі ў Івацэвіцкім раёне, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара музея-сядзібы Ірына Семянюк.

Выстава арганізавана пры падтрымцы Генеральнага консульства Польшчы ў Брэсце і прымеркавана да 15-годдзя музея-сядзібы ў Косаве. У экспазіцыі прадстаўлены 12 партрэтаў нацыянальнага героя і жанчын, якія адыгралі ў яго жыцці асаблівую ролю. Наведвальнікі могуць убачыць выявы маці Тэклі Касцюшка з роду Ратамскіх, Людвікі Сасноўскай, Ганны Замойскай, Канстанцыі Чартарыйскай з Замойскіх. Карціны прадастаўлены Фондам імя Т. Касцюшкі ў Варшаве. Іх аўтарам з'яўляецца мастак А.Мікаэлян, стыпендыят фонду, лаўрэат міжнароднага творчага конкурсу, прысвечанага 200-годдзю з дня смерці Тадэвуша Касцюшкі.

"Мы падтрымліваем цесныя кантакты з польскім фондам Касцюшкі. Дзякуючы гэтым сувязям папаўняецца экспазіцыя мемарыяльнай часткі музея-сядзібы. Раней калегі неаднаразова перадавалі нам у дар прадметы, звязаныя з Тадэвушам Касцюшкам. Гэта кнігі, медалі, арыгінальная куля з поля бою пад Мацяёвіцамі, дзе трапіў у палон кіраўнік паўстання 1794 года", - расказала Ірына Семянюк.

Паводле яе слоў, да юбілею істотна абнавілася экспазіцыя музея-сядзібы. Практычна ў кожнай яго зале, што адлюстроўвае жыццё і побыт сярэдняй шляхты сярэдзіны XVIII стагоддзя, з'явілася аўтэнтычная мэбля. Яе на часовае захоўванне на дэпазітных умовах перадаў у Мерачоўшчыну прыватны антыквар. Так, камплектам мяккай мэблі папоўніўся пакой маці, гасцёўню ўпрыгожылі горкай і вялікім гадзіннікам, які стаіць на падлозе, аўтэнтычны гарнітур дапоўніў кухонны блок. У музеі-сядзібе спадзяюцца знайсці мецэната, гатовага выкупіць для ўстановы культуры гэтыя прадметы даўніны. Што датычыцца выставы жывапісу, то яна будзе экспанавацца да 20 кастрычніка.

За студзень-жнівень мемарыяльны музей-сядзібу імя Т.Касцюшкі ў Косаве наведалі больш за 23 тыс. чалавек, у тым ліку 7,3 тыс. - замежных грамадзян. За 2018 год на малой радзіме выдатнага ваеннага і палітычнага дзеяча Рэчы Паспалітай пабывалі больш за 35 тыс. чалавек, з іх больш за 8 тыс. - замежныя грамадзяне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі