Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 лістапада 2017, 17:33

Выстава літаграфій Марка Шагала "Маё жыццё" адкрылася ў міжнароднай галерэі ў Тэль-Авіве

10 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава літаграфій вядомага мастака Марка Шагала "Маё жыццё" адкрылася ў міжнароднай галерэі Altmans Gallery ў Тэль-Авіве. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел пасол Беларусі ў Ізраілі Уладзімір Скварцоў, прадстаўнікі ізраільскай творчай інтэлігенцыі, грамадскасці і СМІ, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў пасольстве.

У прывітанні кіраўніка беларускай дыпмісіі ў адрас арганізатараў і наведвальнікаў экспазіцыі было адзначана, што гэта выстава, прымеркаваная да 130-годдзя з дня нараджэння вялікага майстра, ураджэнца Віцебска Марка Шагала, - даніна асаблівай павагі да творчасці знакамітага мастака.

"Цяперашняя выстава праходзіць пад назвай "Маё жыццё", што мае для выхадцаў з Беларусі і яе грамадзян асаблівае гучанне. Менавіта так назваў яркі прадстаўнік мастацкага авангарда ХХ стагоддзя сваю кнігу, у якой ён апісаў юнацкія гады, праведзеныя ім у Віцебску. У гэтым беларускім горадзе сёння дзейнічаюць Арт-цэнтр і мемарыяльны дом-музей Шагала, які штогод наведваюць як жыхары нашай краіны, так дзясяткі тысяч турыстаў з далёкага і блізкага замежжа", - адзначыў у сваім прывітанні Уладзімір Скварцоў.

Ён таксама падкрэсліў, што святкаванне дня нараджэння мастака даўно стала добрай традыцыяй у Беларусі. У гэты перыяд у віцебскім доме-музеі майстра на Пакроўскай вуліцы традыцыйна праводзяцца святочныя акцыі, аб'яднаныя пад агульнай назвай "У гасцях у Марка і Бэлы", якія ў юбілейны год прайшлі з асаблівым размахам.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею, адбыліся і ў сталіцы Беларусі. Маштабны выставачны праект сучаснага мастацтва "Вяртанне вобраза. Да 130-годдзя Марка Шагала" экспанаваўся ў гэтым годзе на трох пляцоўках Мінска.

"Аб мастаку і яго творчасці расказалі экспанаты на фотавыстаўцы Беларускага тэлеграфнага агенцтва, якая дэманстравалася ў культурным цэнтры "Энаў" Тэль-Авіва ў чэрвені-ліпені і была прысвечана 25-годдзю ўстанаўлення дыпадносін паміж нашымі краінамі і арганізавана пры садзейнічанні пасольства, - падкрэсліў Уладзімір Скварцоў. - Таксама летам дзякуючы прыватнай ініцыятыве, падтрыманай у далейшым гарадскімі ўладамі, у Іерусаліме адкрылася плошча імя Марка Шагала. У гэтым горадзе знаходзяцца створаныя больш як 50 гадоў таму яго пачэсным грамадзянінам, мастаком сусветнага маштабу ўнікальныя мазаікі і шпалеры, якія ўпрыгожваюць сёння будынкі Кнесета і сінагогі ў бальніцы Хадаса".

Пасол Беларусі падзякаваў арганізатарам выставы - энтузіястам, намаганнямі якіх куток Марка Шагала з'явіўся цяпер і ў Тэль-Авіве.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі