Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 мая 2018, 13:49

Выстава графічных твораў Сальвадора Далі адкрываецца ў Гомелі

7 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Сальвадор Далі. Тайнапіс" адкрываецца сёння ў Гомелі ў карціннай галерэі Г.Х.Вашчанкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.

У экспазіцыі - каля 60 арыгінальных графічных твораў: літаграфіі з серый "Прыгоды Алісы ў Краіне Цудаў", "Кармэн", "Далініянскія коні", "Трылогія кахання". Акрамя таго, увазе наведвальнікаў будуць прадстаўлены ілюстрацыі да аповесці Пэдра дэ Аларкона "Трохвуголка", выкананыя ў тэхніцы ксілаграфіі. Творы іспанскага мастака з калекцыі Арт-цэнтра ў Пярынных радах (Санкт-Пецярбург) прывезены ў Беларусь упершыню.

"Сальвадор Далі - вялікі містыфікатар, майстар, які ператварыў уласнае жыццё ў легенду, у якой праўда неаддзельная ад выдумкі, фантазіі нельга адрозніць ад сапраўдных успамінаў, а сапраўдны твар мастака схаваны пад маскай самаўпэўненага эксцэнтрыка. Якім жа быў на самай справе гэты вар'ят і геній Далі? Прыадкрыць заслону тайны і правесці ўласную мяжу паміж ілюзіяй і рэальнасцю змогуць наведвальнікі выставы", - пракаменціравалі ў карціннай галерэі.

Кожны глядач, адправіўшыся ў падарожжа па маляўнічай краіне мрояў, мар і міфаў, зможа адкрыць для сябе новыя грані творчасці знакамітага майстра. І можа, нястрымны Сальвадор Далі, адкінуўшы маскарадную маску, паўстане вельмі сціплым і прыгожым чараўніком, які ўмее бачыць скрытыя сувязі, вытокі і сутнасць рэчаў.

Азнаёміцца з творчасцю Сальвадора Далі ў Гомелі можна будзе да 16 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі