Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 верасня 2017, 18:02

Выстаўка работ пленэру памяці Жукоўскага адкрыецца 22 верасня ў Мінску

20 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка работ удзельнікаў міжнароднага пленэру памяці выдатнага мастака, акадэміка Расійскай імператарскай акадэміі мастацтваў Станіслава Жукоўскага адкрыецца 22 верасня ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі, паведамілі БЕЛТА ў бібліятэцы.

Пленэр праводзіўся мастацкім аб'яднаннем "Таварыства перасоўных мастацкіх выставак XXI стагоддзе (Санкт-Пецярбург)" на базе сядзібы "Жураўлінае" (в.Вялікае Сяло, Брэсцкая вобласць) і Нясвіжскага палацава-замкавага комплексу (Мінская вобласць) з мэтай адраджэння і развіцця двух напрамкаў жывапіснай рэалістычнай школы - лірычнага пейзажа і інтэр'ернага жанру, якія страцілі апошнім часам папулярнасць сярод мастакоў.

Афіцыйнае адкрыццё пленэру адбылося ў 2015 годзе ў сядзібе "Жураўлінае" - дзеючым культурным і мемарыяльным цэнтры, звязаным з імем Станіслава Жукоўскага. Менавіта гэта месца было выбрана для правядзення маштабнага праекта, у якім удзельнічаюць не толькі жывапісцы і мастацтвазнаўцы, але і паэты, музыканты, вакалісты з самых розных куткоў Беларусі, Расіі, Узбекістана і іншых краін.

Пленэр Станіслава Жукоўскага 2017 года праходзіў у Беларусі і Расіі (Выбарг). Выбаргская частка мерапрыемства была задумана як спроба развіцця лірычнага пейзажа, паколькі марына (марскі пейзаж) не знайшла прыкметнага месца ні ў Станіслава Жукоўскага, ні ў Ісака Левітана, ні ў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

На выстаўцы ў Прэзідэнцкай бібліятэцы будуць прадстаўлены работы аўтараў з Віцебска, Брэста, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Архангельска, Пяцігорска, Уладзіміра, Таганрога, Арла, Хабараўска, Алушты, Сарова, Дзімітраўграда (Расія), Ташкента (Узбекістан). Адначасова з адкрыццём экспазіцыі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы ў Выбаргу адбудзецца другі вернісаж гэтага ж праекта. Запланаваны сеанс відэаканферэнцыі паміж удзельнікамі пленэру ў Ташкенце, Выбаргу і Мінску.

У будучым арганізатары пленэру плануюць стварыць мемарыяльны музей Станіслава Жукоўскага ў Пружанскім раёне, і залог таго - папаўненне калекцыі сядзібы "Жураўлінае" работамі ўдзельнікаў праекта, у тым ліку створанымі ў Выбаргу.

Куратар выстаўкі - старшыня праўлення мастацкага аб'яднання "Таварыства перасоўных мастацкіх выставак. XXI стагоддзе (Санкт-Пецярбург)" мастацтвазнавец Валерый Выбаржанін.

Экспазіцыя ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Беларусі будзе працаваць з 22 верасня па 22 лістапада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі