Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 студзеня 2018, 19:10

Выстаўка фотакарэспандэнта БЕЛТА адкрылася ў Гомелі

17 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка вядучага фотакарэспандэнта БЕЛТА па Гомельскай вобласці Сяргея Халадзіліна "Спадчына эпох. Patrimonio dell'epoca" адкрылася ў галерэі палаца Румянцавых і Паскевічаў у Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстаўка, на якой прадстаўлена каля 40 фотаработ, паказвае жыццё Гомельскай вобласці пасля аварыі на ЧАЭС. Гэта фотарасказ пра знакавыя падзеі, месцы і людзей, няпростыя этапы лёсу, якія беларусам удалося пераадолець. Унікальныя кадры расказваюць пра тых, дзякуючы каму многім раёнам рэгіёна было падорана новае паўнацэннае жыццё. Значную дапамогу мясцовым жыхарам у барацьбе з наступствамі аварыі аказала і італьянская асацыяцыя "Дапамога дзецям Парма", з якой паўднёва-ўсходні рэгіён супрацоўнічае на працягу 20 гадоў. "Вынікам гэтых праектаў стала набыццё вопыту і новых ведаў, знаёмства двух народаў з гісторыяй, культурай і традыцыямі адзін аднаго. У працяг адносін з'явілася і гэта выстаўка", - расказаў фотакарэспандэнт Сяргей Халадзілін.

У сваю чаргу прэзідэнт італьянскай асацыяцыі "Дапамога дзецям Парма" Джанкарла Венеры адзначыў, што гэта супрацоўніцтва хоць і з'явілася з-за трагедыі, прынесла шмат вынікаў. "Трагедыя дала пачатак доўгай дружбе, якая доўжыцца 20 гадоў, за гэты перыяд рэалізавана шмат праектаў", - падкрэсліў ён.

Сяргей Халадзілін нарадзіўся ў Гомелі. Пасля заканчэння эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржуніверсітэта вучобу прадоўжыў на факультэце журналістыкі БДУ. Пачынаў свой творчы шлях у раённай газеце "Маяк" Гомельскага раёна, пазней працаваў у абласной газеце "Гомельская праўда". На працягу апошніх 28 гадоў працуе ўласным фотакарэспандэнтам Беларускага тэлеграфнага агенцтва. За гэтыя гады творчыя і прафесійныя заслугі журналіста былі не раз адзначаны высокімі ўзнагародамі. Ён з'яўляецца лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі "Выяўленчае мастацтва" (2005), пераможцам III Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ "Залатая Літара" ў намінацыі "Лепшы фотарэпарцёр" (2007), пераможцам конкурсу журналісцкіх работ Саюзнай дзяржавы "Беларусь - Расія. Крок у будучыню" ў намінацыі "Лепшая фотаработа" (2012). За шматгадовую працу і высокае прафесійнае майстэрства ў 2014 годзе Сяргей Халадзілін быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Работы аўтара экспанаваліся ў Германіі, Польшчы, Францыі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі