Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 жніўня 2016, 11:29

Восем музычных праграм з "Вялікай бард-рыбалкі" пакажуць па тэлебачанні

23 жніўня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа 8 музычных праграм "Мелодыі лета", запісаных у час VII Міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка", якое прайшло 29-31 ліпеня ў пасёлку Грудзічына Быхаўскага раёна. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прадзюсар праекта Сяргей Кацьер.

Старт паказам будзе дадзены 26 жніўня ў 21.45. У эфіры гледачы ўбачаць зборны канцэрт лепшых аўтарскіх песень, які будзе называцца "Мелодыі лета - 2016". Для тэлегледачоў таксама падрыхтуюць сольны канцэрт легенд аўтарскай песні Сяргея і Таццяны Нікіціных (Расія), праект тэлеканала "Беларусь 3" "Бард-парад Беларусі" і іншыя.

"Гэта будуць зусім разнапланавыя і таму вельмі цікавыя праграмы, паколькі ў гэтым годзе ў час бард-рыбалкі было рэалізавана адразу некалькі новых музычных праектаў, а аўтарская песня гучала на 7 мовах. Перш за ўсё, хочацца адзначыць праект "Іншы фармат" - альтэрнатыву папулярнай эстрадзе, калі барды выступалі ў суправаджэнні міні-аркестра. Жывая музыка, аранжыраваная аўтарская песня гучалі незвычайна ярка і выразна", - падкрэсліў Сяргей Кацьер. Гэты праект у эфіры тэлеканала "Беларусь 3" можна ўбачыць 30 верасня ў 23.45, а 2 кастрычніка ў 10.00 адбудзецца яго паўтор, дадаў ён.

Сярод праграм трэба адзначыць і набіраючы папулярнасць на бард-рыбалцы праект "Суседзі". Гэта дыялог музыкантаў з розных краін на мове музыкі і песні, якія выступаюць за мір, прагрэс і добрасуседскія адносіны паміж дзяржавамі. Аматараў творчасці Уладзіміра Высоцкага чакае сустрэча з праектам "Зямля Высоцкага". Гэта тэатралізаваная праграма, у якой песні вядомага расійскага барда перакладзены і выконваюцца на 6 мовах: рускай, беларускай, украінскай, польскай, чэшскай і нямецкай.

Музычныя праграмы будуць ісці на тэлеканале "Беларусь 3" з 26 жніўня па 16 кастрычніка.

Праект "Вялікая бард-рыбалка" стартаваў у 2010 годзе. За 7 гадоў свята ператварылася ў яркую і неардынарную культурную падзею. Арганізатарамі фестывалю выступаюць Быхаўскі райвыканкам, творчае аб'яднанне "Сваё асяроддзе" і МГУКП "Магілёўаблтурыст" пры падтрымцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама.

Генеральны партнёр праекта - ААТ "Магатэкс", афіцыйны партнёр - ААТ "Белшына". Генеральны інфармацыйны партнёр - УП "БелТА".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі