Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 красавіка 2017, 10:53

Восем карцін фестывалю кіно "Паўночнае ззянне" пакажуць у Віцебску

18 красавіка, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Карціны фестывалю кіно Паўночных і Балтыйскіх краін "Паўночнае ззянне" пакажуць у кінатэатры "Мір" з 20 па 25 красавіка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар гэтай установы Таццяна Екамасава.

"Фестываль праходзіць у Віцебску трэці раз. Яго праграма крыху адрозніваецца ад той, што змогуць убачыць гледачы ў Мінску. У нашым кінатэатры будуць паказаны 8 фільмаў 2015-2016 гадоў, 7 з іх ігравыя - адна камедыя, астатнія драмы, у тым ліку адна эстонская. З гэтай жа краіны-дэбютанта фестывалю будзе і адзін неігравы - дакументальны фільм. Паводле слоў вядомага ў Віцебску кіназнаўца, усе карціны цікавыя, і тым больш варта іх убачыць у кінатэатры, паколькі ў інтэрнэце можна знайсці толькі адзін з прадстаўленых фільмаў. Павінна сказаць, што цікавасць да праграмы 2017 года ёсць", - сказала Таццяна Екамасава.

Менавіта дакументальны эстонскі фільм "Мурашнік" - адзін з галоўных у гэтым годзе. Стужка расказвае пра гаражы ў талінскім раёне Ласнамяэ - пабраціме Партызанскага раёна Мінска. Таксама віцебскім кінаманам пашанцуе ўбачыць рэжысёрскі дэбют аднаго са сцэнарыстаў "Дзяўчыны з татуіроўкай дракона" Расмуса Хейстэрберга - драму "У крыві"; адзін з самых касавых фільмаў у нарвежскім пракаце за некалькі гадоў - чорную камедыю "Нарвежскі дамок"; эстонскую карціну-намінант на "Оскар" - фільм "Маці" і многае іншае. Усе карціны будуць паказаны на мове арыгінала з беларускімі субтытрамі.

У цэлым фестываль гэтага года складаецца з 14 стужак з Нарвегіі, Швецыі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі. Упершыню будуць прадстаўлены фільмы з Літвы, Латвіі і Эстоніі. Менавіта таму ў гэтым годзе афіцыйная назва гучыць як фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін. Слоган 2017 года - "Сусвет унутры": у знак таго, што кожны чалавек унутры, незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, перакананняў, гендарных адрозненняў, роду заняткаў, - цэлы Сусвет. І "Паўночнае ззянне" - гэта цэлы Сусвет унутры кампактнага кінафестывалю.

Арганізатарамі паказаў у Віцебску з'яўляюцца Офіс Савета міністраў Паўночных краін у Літве сумесна з Дацкім інстытутам культуры ў Літве, Латвіі і Эстоніі, аддзяленнем пасольства Фінляндскай Рэспублікі ў Беларусі, пасольствамі Эстоніі, Швецыі, Літвы ў Беларусі, інстытутамі і цэнтрамі кіно гэтых краін пры падтрымцы УП "Кінавідэапракат" Віцебскага аблвыканкама.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі