Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 студзеня 2016, 12:25

Віцебскі тэатр "Лялька" юбілейны год адзначыць трыма прэм'ерамі

16 студзеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. Тры прэм'еры, а таксама самыя лепшыя спектаклі з рэпертуару пакажа ў свой юбілейны год беларускі тэатр "Лялька", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА мастацкі кіраўнік тэатра заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Клімчук.

"Лялька" ў Год культуры адзначае 30-годдзе трыма новымі пастаноўкамі як для дзяцей, так і для дарослых. "Цяпер мы выпускаем казку пра вядомае белае медзведзяня - "Умка". 20 лютага адбудзецца прэм'ера. Наступную рыхтуем паводле казкі Андэрсена "Стойкі алавяны салдацік". І працуем над пастаноўкай пра Шагала", - падзяліўся навінкамі субяседнік.

На яго думку, паказы "Лялькі" канкурэнтаздольныя ва ўсім свеце, што даказваецца вялікай колькасцю запрашэнняў на гастролі з-за мяжы. У бягучым годзе, у залежнасці ад фінансавых магчымасцей, гастрольная геаграфія тэатра ўключае Расію, Польшчу, Харватыю, магчыма, Балгарыю.

"Яшчэ будзе тыдзень лепшых спектакляў "Лялькі" ў Віцебску. Сам юбілей адзначым 22 красавіка. Будзем здзіўляць гасцей у тым ліку вулічным тэатрам, цяпер артысты вучацца хадзіць на хадулях. Наогул добра, што вулічныя тэатры з'явіліся на "Славянскім базары". Цяпер свята ёсць не толькі ў тых, хто купіў білеты на канцэрты", - адзначыў Віктар Клімчук.

Беларускі тэатр "Лялька" створаны ў Віцебску ў 1985 годзе пры Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа як лялечная трупа. Першы спектакль "Дзед і Журавель" паводле п'есы Віталя Вольскага сыграны 20 красавіка 1986 года (гэты дзень і лічыцца днём нараджэння тэатра). У 1990 годзе лялечная трупа вылучылася ў самастойны калектыў з асобным будынкам у цэнтры горада. Калектыў Беларускага тэатра "Лялька" вядомы ў Беларусі і за яе межамі, на яго рахунку Гран-пры, прызы за лепшыя спектаклі і ролі, дыпломы міжнародных фестываляў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі