24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Віртуальная Біблія Скарыны і друкарскі прэс папоўнілі экспазіцыю Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА з прэзентацыі новых экспанатаў.
Электронная Біблія - цэнтральны аб'ект інтэрактыўнай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея, прысвечанай 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Як расказаў на прэзентацыі намеснік дырэктара музея Аляксандр Храмой, наведвальнікі змогуць "пагартаць" 23 старонкі пражскага выдання Бібліі Францыска Скарыны 1517 года. Памер унікальнага высокатэхналагічнага макета Бібліі Скарыны - 1800х1400 см. Пры дапамозе сучасных тэхналогій прачытаць старонкі кнігі можна, гартаючы іх рухамі рук у паветры. Для вырабу макета Дзяржаўным гістарычным музеем Расіі былі прадастаўлены сканы старонак арыгінальнага тэксту.
Інтэрактыўная экспазіцыя кніжнага фонду Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі будзе пастаянна папаўняцца - музей плануе і далей пераводзіць у лічбавы фармат выданні і матэрыялы, звязаныя з гісторыяй краіны, расказаў Аляксандр Храмой. Ён дадаў таксама, што экзэмпляр пражскага выдання Бібліі Скарыны 1517 года прыбудзе ў хуткім часе з Масквы для экспанавання ў беларускім гістарычным музеі.
У інтэрактыўнай экспазіцыі музея размешчаны інфакіёск, дзе сёння даступна інфармацыя аб гарадах, з якімі было звязана жыццё і дзейнасць Скарыны.
Частка экспазіцыі музея, прысвечаная юбілею беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, будзе прадстаўлена ў Полацку на святкаванні Дня беларускага пісьменства.
Экспазіцыю Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі папоўніла таксама дакладная дзеючая копія друкарскага станка Гутэнберга, з'яўленне якога змяніла свет і свядомасць людзей.
Аўтар станка - мастак Юрый Сухаў выканаў работу на Мастацкім камбінаце. Гэта ўжо не першы такі вопыт майстра: раней ён зрабіў падобную дзеючую мадэль для Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Узорны стан і яго апісанне ёсць у Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі ў Маскве. Па гэтым апісанні і быў выкананы экспанат для Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Як адзначыў майстар, работа цікавая тым, што дае магчымасць атрымаць уяўленне аб друкарскім абсталяванні часоў Скарыны і тэхналогіі друку.
Да юбілейнай даты ў Нацыянальным гістарычным музеі Беларусі таксама адкрыта і дзейнічае да пачатку кастрычніка выстаўка "Скарына - асветнік-гуманіст", якая разгарнулася ва ўнутраным дворыку музея. Гэта не навуковы аналіз спадчыны Францыска Скарыны, а своеасаблівая мастацкая прэзентацыя юбілейнай даты сродкамі сучаснай фатаграфіі.
У аснове выстаўкі - матэрыялы з фондавых калекцый Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: скульптурная выява Скарыны работы Эдуарда Астаф'ева; партрэт Скарыны, створаны Пятром Сергіевічам; графічныя лісты з адлюстраваннем беларускіх асветнікаў-гуманістаў Міколы Гусоўскага, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Сімяона Полацкага, выкананыя Валянцінам і Ліліяй Варэцамі, Арленам Кашкурэвічам, Эдуардам Агуновічам і іншымі вядомымі мастакамі. Шырока прадстаўлены беларускі плакат, прысвечаны дзейнасці асветніка. Фондавыя матэрыялы дапоўнены фотавыявамі гравюр з "Кнігі Царстваў", "Кнігі Ісуса Сірахава" і іншых, прадстаўленымі для паказу Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі.
Аўтары мастацкай канцэпцыі выстаўкі - Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч, вядомыя дзякуючы ілюстраваным выданням, прысвечаным гісторыка-культурным помнікам Беларусі.-0-