Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 мая 2016, 16:08

Ветэраны, чыноўнікі і бізнесмены на публіцы чыталі творы класікаў аб вайне

3 мая, Гродна /Сяргей Гаўрыцкі - БЕЛТА/. Ветэраны, чыноўнікі, вучоныя і прадстаўнікі бізнесу ўслых прачыталі творы беларускіх класікаў. Другі этап гродзенскай абласной акцыі "Чытаем разам" быў прысвечаны літаратуры аб вайне, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Больш як дваццаць ветэранаў былі запрошаны на акцыю "Летапіс вялікага подзвігу" ў Гродзенскую абласную навуковую бібліятэку імя Карскага.

"Мы запрасілі ветэранаў як слухачоў, а таксама як чытальнікаў твораў беларускіх класікаў. Акцыя накіравана на папулярызацыю беларускай літаратуры, напярэдадні Дня Перамогі вырашылі прысвяціць яе подзвігу нашых дзядоў і прадзедаў", - адзначыла дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага Лідзія Мальцава.

Са сцэны прагучалі ўрыўкі з твораў Васіля Быкава, вершы Ніла Гілевіча і Пімена Панчанкі. Чытальнікамі выступілі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Рыгор Абялеўскі, намеснік начальніка Гродзенскай пагранічнай групы Максім Літвінскі, прадстаўнікі гарадскіх і абласных арганізацый.

Сюрпрыз удзельнікам падрыхтавалі валанцёры гродзенскага культурна-гістарычнага праекта "Жывая гісторыя": разам з ветэранамі яны выканалі песні аб вайне, арганізавалі тэматычную інсталяцыю "Палявая пошта". Для больш маладых удзельнікаў чытанняў правялі віктарыну на веданне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

"Акцыя "Чытаем разам" - сумесная ініцыятыва Гродзенскага аблвыканкама і нашай бібліятэкі. Прысвечана яна Году культуры, а галоўная яе задача - папулярызацыя беларускай літаратуры", - растлумачыла Лідзія Мальцава.

Чытанні праводзяцца штомесяц. На першым этапе акцыі чытальнікі ўспаміналі Кандрата Крапіву, на другім - гісторыю вайны, а летам чытанні будуць прысвечаны Янку Купалу, Якубу Коласу, Элізе Ажэшка.

Акцыя праводзіцца не толькі ў Гродне. Публічныя чытанні з удзелам вядомых людзей праходзяць ва ўсіх раёнах вобласці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі