Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 красавіка 2017, 18:47

Велікодны фестываль у Мінску збярэ выдатных студэнтаў і выпускнікоў акадэміі музыкі

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Велікодны фестываль, які пройдзе ў Мінску 18-21 красавіка, збярэ выдатных студэнтаў і выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, паведаміла сёння на брыфінгу ў прэс-цэнтры БЕЛТА рэктар БДАМ, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Кацярына Дулава.

Унікальны творчы праект, які рэалізуецца ўпершыню, БДАМ рыхтуе сумесна з Рэспубліканскай гімназіяй-каледжам пры акадэміі музыкі пры падтрымцы Мінкультуры і спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Паводле слоў Кацярыны Дулавай, Велікодны фестываль прадаўжае чараду вялікіх праектаў акадэміі, што атрымалі высокую ацэнку ў грамадстве. У аснову канцэпцыі пакладзена ідэя далучэння ў самыя важныя і радасныя для ўсяго хрысціянскага свету дні Велікоднай сядміцы да вечных духоўных каштоўнасцей нацыянальнага і сусветнага музычнага мастацтва, умацавання адной з асноўных традыцый акадэміі - пераемнасці пакаленняў.

"Нам здалося, гэта ў вышэйшай ступені дарэчы і ў дачыненні да навучэнцаў, і ў дачыненні да педагогаў - арганізаваць такую серыю канцэртаў", - пракаменціравала Кацярына Дулава факт арганізацыі Велікоднага фестывалю.

Напярэдадні святкавання 85-годдзя з дня заснавання БДАМ у праграму мерапрыемстваў увайшлі своеасаблівыя творчыя справаздачы факультэтаў вядучай музычнай ВНУ краіны - канцэрты ў выкананні некалькіх пакаленняў акадэмічных музыкантаў. Гэта выкладчыкі і выпускнікі акадэміі, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, лаўрэаты і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, з імёнамі якіх звязана сучаснасць і будучыня айчыннай музычнай культуры. "Дзякуючы гэтаму мы зможам паказаць зрэз усяго, што адбываецца ў акадэмічнай музычнай адукацыі краіны", - растлумачыла рэктар БДАМ.

Фестываль складуць некалькі канцэртаў, якія пройдуць у Вялікай зале БДАМ. Так, 18 красавіка адбудзецца канцэрт аркестравага факультэта "Ад ансамбля да аркестра". "Мы пакажам музіцыраванне ў розных, але вельмі звыклых для аркестравых музыкантаў формах", - расказала Кацярына Дулава.

На 19 красавіка запланаваны "Скарбы музычнай спадчыны" - канцэрт факультэта народных інструментаў. На ім будуць прадстаўлены ўсе без выключэння народныя інструменты, якім навучаюць у кансерваторыі. Сярод салістаў будуць выдатны гітарыст Павел Кухта і цымбаліст-віртуоз Міхаіл Лявончык, які цяпер жыве ў Германіі.

Канцэрт кафедры спецыяльнага фартэпіяна - "Беларусь фартэпіянная: з верай і надзеяй" - адбудзецца 20 красавіка. Яго гасцямі стануць два выдатныя піяністы, абодва з'яўляюцца выпускнікамі БДАМ - Ігар Алоўнікаў і Аляксей Пятроў. На сцэну таксама выйдуць майстры-пачаткоўцы - лаўрэаты абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

 

Велікодны фестываль завершыцца грандыёзным гала-канцэртам з удзелам студэнцкага хору пад кіраўніцтвам дацэнта Інэсы Бадзяка, студэнцкага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Андрэя Іванова і Ансамбля салістаў Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Беларусі, прафесара Уладзіміра Перліна, а таксама вядучых салістаў Вялікага тэатра - народнай артысткі Настассі Масквіной і заслужанага артыста Уладзіміра Громава.

У час гала-канцэрта адбудуцца цырымонія ўручэння прэмій і ўрачыстае ўзнагароджванне прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу і таленавітых навучэнцаў акадэміі і гімназіі-каледжа. Як адзначыла Кацярына Дулава, фінансавая падтрымка цырымоніі аказана спонсарам.

Усе канцэрты Велікоднага фестывалю бясплатныя, трапіць на іх можа любы жадаючы, але ўваход па білетах або запрашальных. Уваходныя білеты на ўсе канцэрты (акрамя гала-канцэрта) можна атрымаць у БДАМ папярэдне, апошні тэрмін - за гадзіну да пачатку канцэрта. Глядзельная зала разлічана на 266 месц.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі