Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 лютага 2016, 17:33

Установы культуры павінны працаваць больш эфектыўна - Качанава

19 лютага, Баранавіцкі раён /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Прыярытэтнай задачай устаноў культуры ў бягучым годзе стане эфектыўная работа. Аб гэтым заявіла сёння намеснік прэм'ер-міністра Наталля Качанава на сустрэчы з працоўным калектывам санаторыя "Чабарок" у час адзінага дня інфармавання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша задача - гэта, несумненна, эфектыўная работа ўстаноў культуры ў Год культуры і падбор кадраў, забяспечанасць кадрамі. Мы хочам паглядзець, наколькі эфектыўна працуе тая ці іншая бібліятэка, той ці іншы Дом культуры, што яшчэ трэба зрабіць для таго, каб яны былі ўкамплектаваны кадрамі. У нас тры творчыя ВНУ рыхтуюць спецыялістаў для гэтай сферы. Але кадраў не ўсюды хапае. Часта маладому чалавеку, які скончыў ВНУ ў Мінску, не хочацца ехаць кудысьці ў аграгарадок, у сельскую мясцовасць. А гэта рабіць трэба, таму што там вялікая колькасць таленавітых людзей, там нашы гістарычныя карані, традыцыйная культура", - адзначыла віцэ-прэм'ер.

Эфектыўная работа дае магчымасць умацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы, павысіць заработную плату работнікам. "Ставіцца задача не толькі эфектыўна выкарыстоўваць бюджэтныя сродкі, але і зарабляць самім. Хачу сказаць, што гэта паспяхова спрацоўвае: сёння больш за 10 працэнтаў ад бюджэтнага фінансавання - гэта сродкі, заробленыя ў галіне самастойна", - паведаміла Наталля Качанава.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, у знакавы для культуры год урад пастараецца захаваць узровень фінансавання галіны, які складае 0,5 працэнта ад ВУП. У бягучым годзе запланавана вялікая колькасць мерапрыемстваў. Матэрыяльная база для рэалізацыі планаў ёсць: у краіне дзейнічае больш за 7 тыс. устаноў культуры. Але важныя не самі мерапрыемствы. "Думаю, Год культуры, 2016-ы, стане пераломным для кожнага з нас, дасць магчымасць пераацаніць свае падыходы ў адносінах адзін да аднаго, у сям'і, на вытворчасці, у арганізацыях, установах. Бо культура - гэта не толькі мастацтва, гістарычныя традыцыі. Яна закранае літаральна ўсе сферы нашага жыцця. Таму гэты год можна разглядаць як год больш шырокіх магчымасцей", - рэзюмавала член урада.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі