6 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Уключэнне праспекта Незалежнасці Мінска ў беларускі папярэдні спіс ЮНЕСКА чакаецца ў верасні, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА член Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА, старшыня фонду "Культурная спадчына і сучаснасць" Ала Сташкевіч.
Паводле яе слоў, на нядаўна праведзеным пасяджэнні міжведамаснай рабочай групы з удзелам Нацыянальнай камісіі па справах ЮНЕСКА прынята дарожная карта па падрыхтоўцы беларускай часткі міжнароднай серыйнай намінацыі "Пасляваенныя цэнтральныя магістралі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. 1940-1950 г.г.". Першым яе пунктам стане ўнясенне гісторыка-культурнай каштоўнасці - ансамбля праспекта Незалежнасці ў Мінску ў беларускі папярэдні пералік аб'ектаў, якія прэтэндуюць на ўключэнне ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Дарожная карта прадугледжвае падрыхтоўку праекта адпаведнай пастановы Савета Міністраў да 1 жніўня. Чакаецца, што дакумент можа быць падпісаны ў верасні.
Рыхтаваць праект пастановы з удзелам экспертаў будзе Мінгарвыканкам як структура у чыёй юрысдыкцыі знаходзіцца праспект.
Удзел у міжнароднай серыйнай намінацыі "Пасляваенныя цэнтральныя магістралі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. 1940-1950 г.г." на сёння акрамя Беларусі пацвердзілі Расія, Польшча, Германія. Магчымасць удзелу прапрацоўвае Украіна. Сваю зацікаўленасць выказала і Арменія. Праспект Незалежнасці беларускай сталіцы стане асновай транснацыянальнай намінацыі як ансамбль пасляваеннай архітэктуры ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, які найбольш цэласна захаваўся. Для прадстаўлення намінацыі ў Спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА абавязковай умовай з'яўляецца прысутнасць аб'екта ў нацыянальным папярэднім пераліку.-0-