Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 кастрычніка 2017, 12:23

Удзельнікі арт-праекта "Дзеці планеты" прадставілі беларускую культуру ў Нідэрландах

31 кастрычніка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Удзельнікі міжнароднага фестывалю-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці "Дзеці планеты" прадставілі беларускую нацыянальную культуру ў Нідэрландах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА прадстаўнік аргкамітэта арт-праекта Юрый Паўлючык.

Па запрашэнні дацкай гуманітарнай арганізацыі "Дынесміндэс Венер" і камітэта "Прыбужжа" горада Херэнвен у Нідэрландах дзіцячы народны ансамбль песні і танца "Прыбужжа" прыняў удзел у фальклорным фестывалі, які адбыўся ў правінцыі Фрысландыя. Замест трох запланаваных выступленняў група юных артыстаў з Брэста дала 8 канцэртных паказаў на лепшых пляцоўках акругі, захапіўшы мясцовую публіку.

Аснову рэпертуару ансамбля складае фальклор роднага Палесся: купальскія, жніўныя, калядныя песні, вяснянкі, народныя танцы - беларускія, польскія, украінскія, літоўскія, яўрэйскія, а таксама рускія песні і танцы.

Адным толькі ўдзелам у фестывалі галандскія гастролі "Прыбужжа" не абмежаваліся. Юрыя артысты з Брэста сустрэліся з равеснікамі ў маладзёжнай школе-гімназіі горада Херэнвен, школе горада Хаскердыкен, дзе таксама адбыліся выступленні ансамбля. У сваю чаргу дзіцячыя фальклорныя калектывы з Нідэрландаў атрымалі запрашэнне ад арганізатараў арт-праекта "Дзеці планеты".

III Міжнародны фестываль-конкурс дзіцячай і маладзёжнай творчасці "Дзеці планеты" пройдзе ў Брэсце з 27 красавіка па 1 мая 2018 года. Удзельнікаў і гасцей фестывалю чакае не толькі свята вакальнага, харэаграфічнага і тэатральнага мастацтва, выканальніцкага і выяўленчага майстэрства, але і шырокая культурна-пазнавальная праграма з наведваннем мясцовых выдатных мясцін. У час фестывалю плануецца правядзенне вечароў культуры краін - удзельніц форуму.

Арт-праект "Дзеці планеты" стартаваў у Брэсце летам 2016 года. Тады ў ім прынялі ўдзел каля 600 юных артыстаў з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расіі, Туркменістана. Другі па ліку фестываль сабраў больш як 900 удзельнікаў з розных краін. Заснавальнікамі фестывалю-конкурсу выступаюць міжнароднае грамадскае аб'яднанне "Дабрачыннасць дзецям", турыстычнае агенцтва АTIR пры падтрымцы Брэсцкага гарвыканкама. Мэтай праекта з'яўляюцца ўстанаўленне творчых кантактаў паміж прадстаўнікамі моладзі розных краін, умацаванне міжнародных сувязей, захаванне нацыянальных культур, пашырэнне гуманітарнага супрацоўніцтва.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі