Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 красавіка 2018, 18:12

У Віцебску вызначаюць лепшыя школьныя тэатры

23 красавіка, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У Віцебску вызначаюць лепшыя школьныя тэатры, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Алесь Замкоўскі.

Гарадскі конкурс "Сцэнічныя чытанні "Школьны тэатр" у гэтым годзе стаў 22-м і сабраў у фінале 11 калектываў. Гэта лепшыя тэатральныя групы сярэдніх навучальных устаноў і ўстаноў дадатковай адукацыі Віцебска, якія сталі пераможцамі раённых этапаў.

Асноўная праграма чытанняў праходзіць 23 красавіка на камернай сцэне Коласаўскага тэатра. Рэпертуар школьных тэатраў, трапіўшых у фінал, склалі творы беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Віктара Карамазава, Святланы Бартаховай, Валерыя Гапеева, Васіля Ткачова і іншых. Большасць спектакляў узнімаюць праблемы ўзаемаадносін падлеткаў, адказнасці маладых людзей за свае ўчынкі, адносін дзяцей і бацькоў. Важнымі застаюцца творы пра чалавека на вайне, якія паказваюць, як ён раскрываецца ў экстрэмальных сітуацыях. Закранаюць юныя артысты і тэму кахання.

Конкурс праходзіць у некалькіх намінацыях. Сярод іх "Лепшы спектакль", дзе ўручаецца Гран-пры і прысуджаюцца прызавыя месцы 6 калектывам. Журы таксама вызначыць лідараў у намінацыях "Лепшая мужчынская роля", "Лепшая жаночая роля", "Лепшыя ролі другога плана", "Дэбют", "Лепшы рэжысёр", "Лепшы сцэнограф". Па выніках усіх выступленняў уручаць прыз глядацкіх сімпатый і прыз ад Віцебскай арганізацыі Беларускага саюза тэатральных дзеячаў.

У склад журы конкурсу ўваходзяць творчыя работнікі тэатра, выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў і прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага гарвыканкама. Узначальвае яго народная артыстка Беларусі Святлана Акружная.

"Конкурс захоўвае сваю беларускую накіраванасць: на сцэне павінны быць паказаны п'есы айчынных аўтараў. Тэатр імкнецца падтрымліваць нашых літаратараў. Прыемна здзівіла, што многія калектывы ўзялі за аснову спектакляў творы сучасных пісьменнікаў і на добрым узроўні іх падаюць", - адзначыў Алесь Замкоўскі.

24 красавіка для ўдзельнікаў адбудзецца майстар-клас навучэнцаў і выкладчыкаў каледжа культуры і мастацтваў у форме тэатральнага ўрока. Затым будуць падведзены вынікі конкурсу і ўзнагароджаны пераможцы.

Заснавальнікі сцэнічных чытанняў - Віцебскі гарвыканкам, а таксама тэатр імя Якуба Коласа.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі