Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 лютага 2018, 12:41

У Мінску выбралі лепшых юных чытальнікаў на беларускай мове

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў рэгіянальнага адбору рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў на беларускай мове назвалі ў Мінску, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Рэгіянальныя фіналы рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з velcom" стартавалі 15 лютага з адбору ўдзельнікаў у сталіцы. Перад журы і публікай выступілі 30 юных чытальнікаў, якія выканалі творы беларускіх аўтараў. Пяцёра з іх названы пераможцамі і будуць прадстаўляць сталіцу ў фінале конкурсу. Гэта Аліна Сухадольская (гімназія нумар 7), Марыя Любкіна (гімназія нумар 37), Арсеній Гарэўскі (школа нумар 120), Ян Мусвідас (гімназія нумар 30), Уладзімір Чуклай (гімназія нумар 5). Дзеці ўзнагароджаны смартфонамі. Па рашэнні арганізатараў запрашэнне ў рэспубліканскі фінал таксама атрымаў Усевалад Місюль (гімназія нумар 13). Усе ўдзельнікі рэгіянальнага фіналу атрымалі ў падарунак памятныя дыпломы і кнігі. Старшыня журы адбору Уладзімір Ліпскі адзначыў высокі ўзровень усіх канкурсантаў: "Я шчыра ўражаны талентам кожнага ўдзельніка. Усе яны пераможцы. Мяне ўразіла іх веданне роднай мовы, талент і імкненне да перамогі. Выбраць лепшых было вельмі складана, таму што лепшыя - усе!"

Адборы ў рэгіёнах пройдуць на працягу лютага-красавіка. У Брэсце лепшых чытальнікаў выберуць 22 лютага, прадстаўнікоў Мінскай вобласці - 1 сакавіка ў Жодзіне, у Віцебску адбор пройдзе 15 сакавіка, у Магілёве - 20 сакавіка. У Гомелі выкананне твораў удзельнікамі конкурсу журы ацэніць 10 красавіка, а ў Гродне - 25 красавіка. Фінал рэспубліканскага конкурсу "Чытаем па-беларуску з velcom" пройдзе ў маі ў Мінску.

Ініцыятарам конкурсу выступае кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. Праект выклікаў увагу і цікавасць да беларускай літаратуры. Як адзначыў начальнік аддзела карпаратыўных камунікацый velcom Вячаслаў Смірноў, праект "Чытаем па-беларуску з velcom" адкрывае для вучняў свет беларускай літаратуры па-новаму, выкарыстоўвае магчымасці сацыяльных сетак для адукацыі, паказвае, наколькі ярка і неардынарна можна выконваць творы на беларускай мове.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі