Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2017, 15:35

У Мінску адкрыўся Нацыянальны фестываль архітэктуры

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. XII Нацыянальны фестываль архітэктуры адкрыўся сёння ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінгарвыканкама.

Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз архітэктараў" сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва праводзіць 9-11 лістапада мерапрыемства, якое прызначана павысіць цікавасць грамадства, у тым ліку дзяцей і моладзі, да дасягненняў сучаснай архітэктуры. У гэтым годзе фестываль прысвечаны 950-годдзю горада Мінска.

У праграму форуму ўключаны ХVIII Рэспубліканскі конкурс на лепшы архітэктурны твор, які праводзіцца ў мэтах азнаямлення з архітэктурнымі творамі беларускіх архітэктараў. У ім прымуць удзел праектныя, праектна-будаўнічыя прадпрыемствы, архітэктурныя бюро, творчыя майстэрні, індывідуальныя прадпрымальнікі, архітэктары, рэстаўратары, дызайнеры, скульптары.

Таксама запланавана правядзенне VII Мінскага міжнароднага біенале маладых архітэктараў "Леанарда-2017", які пройдзе пад эгідай Міжнароднага саюза архітэктараў і Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў. Архітэктараў-пачаткоўцаў запрашаюць да ўдзелу ў XI Рэспубліканскім конкурсе дыпломных праектаў выпускнікоў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных архітэктурных школ Беларусі. Творчае спаборніцтва накіравана на выяўленне, падтрымку і заахвочванне таленавітай моладзі ў галіне архітэктуры, горадабудаўніцтва і архітэктурнага дызайну.

Адбудзецца і V Рэспубліканскі мастацкі конкурс дзіцячага малюнка "Архітэктура роднага краю вачамі дзяцей". Пройдуць выстаўкі дызайнераў, скульптараў, манументалістаў, нацыянальных саюзаў архітэктараў краін блізкага і далёкага замежжа. У праграме майстар-класы вядучых архітэктараў, выстаўкі інвестыцыйных праектаў, тавараў, тэхналогій і паслуг замежных і айчынных фірм, працуючых на будаўнічым рынку Беларусі.

Фестываль прадугледжвае прэзентацыі фірм і праектных прадпрыемстваў, правядзенне семінараў, тэматычных канферэнцый, мэтавых форумаў з абмеркаваннем дасягненняў, праблем архітэктуры і горадабудаўніцтва апошніх гадоў. Плануецца ўручэнне ганаровага прыза "Архітэктар Рэспублікі Беларусь".

Архітэктурны форум праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта, Міжнароднага саюза архітэктараў, Міжнароднай асацыяцыі саюзаў архітэктараў, ГА "Беларускі саюз мастакоў", ГА "Беларускі саюз дызайнераў".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі