Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 кастрычніка 2017, 13:24

У Магілёве названы пераможцы "Анімаёўкі-2017"

30 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Падведзены вынікі ХХ Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў "Анімаёўка-2017", паведамілі БЕЛТА ў Магілёўскім дзяржаўным прадпрыемстве "Кінавідэапракат".

На фестывалі, які праходзіў з 26 па 29 кастрычніка ў Магілёве і Магілёўскай вобласці, было прадстаўлена 240 фільмаў з 46 краін. У конкурсныя праграмы ўвайшлі 111 работ з 28 краін.

У намінацыі "Лепшы анімацыйны фільм фестывалю" Гран-пры прысуджаны фільму "О, мама!" (рэжысёр Паўліна Зіялкоўска, студыя "FUMI Studio", Польшча). Па рашэнні журы прыз "Вялікі хрустальны аловак" і спецыяльны дыплом уручаць пераможцам у розных намінацыях. Імі прызнаны ў намінацыі "Лепшы беларускі анімацыйны фільм" - фільм "І месяц спыніўся"; "Лепшы анімацыйны фільм для дзяцей" - "Посах" (Расія); "Лепшы студэнцкі анімацыйны фільм" - "Пісьмы лялькі" (Расія); "Лепшы дэбют" - "Першы гром" (Расія); "Лепшае гукавое рашэнне анімацыйнага фільма" - "Дзе мой месяц?" (Рэспубліка Карэя); "Лепшы рэжысёр анімацыйнага фільма" - Марк Рыба і Ганна Соланас, фільм "Мертвыя коні" (Іспанія); "Лепшы сцэнарый анімацыйнага фільма" - "Святочны вецер" (Швейцарыя); "Лепшае выяўленчае рашэнне" - "Звар'яцелая. Гісторыя кахання" (Украіна); "Лепшы эксперыментальны анімацыйны фільм" - "Плады" (Германія); "Лепшы анімацыйны фільм для дарослых" - "Рыбы, плыўцы, караблі" (Кітай, Расія, Балгарыя). У намінацыі "Майстру анімацыі" адзначаны Дзмітрый Сурыновіч - жывапісец, графік і мастак-аніматар (Беларусь).

Заахвочвальным дыпломам фестывалю "Анімаёўка-2017" за яркі мастацкі талент адзначаны фільм "Нянечкіны казкі" рэжысёра Алены Пяткевіч (студыя "Беларусьфільм").

Журы конкурсу дзіцячай анімацыйнай творчасці вырашыла ўзнагародзіць прызам "Малы хрустальны аловак" і спецыяльным дыпломам пераможцаў у васьмі намінацыях. Так, у намінацыі "Самаму юнаму стваральніку анімацыйнага фільма" лепшай стала Алёна Дайнэка з Барысава, фільм "Слаўны Князь Барыс"; "Лепшая сцэнарная работа" - анімацыйны фільм "Па дарозе ў школу" (Бразілія); "Лепшае гукавое рашэнне анімацыйнага фільма" - фільм "Трон" (Украіна); "Самы пазнавальны анімацыйны фільм" - "Гісторыя тэатра" (Украіна); "Самы добры анімацыйны фільм" - "Маманцяня шукае маму" (Казахстан); "Лепшы дзіцячы анімацыйны фільм" - "Гузікі", студыя дзіцячай мультыплікацыі "Энфіс" з Мінска (Беларусь); "Лепшы беларускі анімацыйны фільм" - "Легенда пра Блакітную крыніцу", аўтар Вераніка Радзівонава з Магілёва (Беларусь); "Лепшаму мастаку анімацыйнага фільма" - "Людзі астравы" (Расія).

Спецыяльным дыпломам ад Саюза кінематаграфістаў Беларусі ўзнагароджаны анімацыйны фільм "Незнаёмыя насякомыя" (аўтар Марыя Дазорцава з Магілёва).

Вызначаны таксама лепшыя сярод удзельнікаў конкурсаў дзіцячай выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

На фестывалі прайшлі паказы фільмаў для дзяцей і для дарослых. Магіляўчане прынялі ўдзел у майстар-класах, творчых сустрэчах. У Магілёве, Горках і Быхаве з музычнай праграмай выступілі аўтары і кампазітары песень да мультфільмаў і мультсерыялаў ("Смяшарыкі", "Малышарыкі", "Лятаючыя звяры", "Ціма і Тома" і інш.), кіраўнікі музычнага тэатра дзяцей "Вясёлка" Марына Ланда і Сяргей Васільеў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі