Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 жніўня 2016, 10:01

У Беларусі выберуць лепшыя музеі

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі выберуць лепшыя музеі. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Міністэрстве культуры, вынікі конкурсу прафесійнага майстэрства падвядуць у дні III Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі", які пройдзе ў Магілёве з 30 верасня па 2 кастрычніка.

У конкурсе могуць прымаць удзел музеі і галерэі Беларусі па пяці намінацыях: "За лепшае прадстаўленне музея на экспазіцыі форуму"; "За навацыі ў музейнай дзейнасці"; "За лепшы музейны праект"; "За лепшую культурна-адукацыйную праграму"; "За лепшае музейнае выданне".

Для ўдзелу ў конкурсе ўдзельнікам неабходна да 1 верасня бягучага года накіраваць заяўку ў Міністэрства культуры. Да заяўкі прыкладаюцца конкурсныя матэрыялы: канцэпцыі, творчыя праекты, праграмы, відэа- і фотаматэрыялы, навуковыя публікацыі, рэцэнзіі, водзывы і іншыя матэрыялы, неабходныя для прэзентацыі ў намінацыі. Пры ўдзеле ў некалькіх намінацыях конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца па кожнай намінацыі асобна.

Конкурсныя матэрыялы прадстаўляюцца па выніках дзейнасці ўдзельнікаў за перыяд з 1 верасня 2014 года па 1 верасня 2016-га. Прадстаўленыя пазней названага тэрміну матэрыялы да ўдзелу не дапускаюцца.

Пры вызначэнні пераможцаў конкурсу асноўнымі крытэрыямі з'яўляюцца: высокі прафесійны ўзровень работ; наяўнасць арыгінальных ідэй, інавацыйных падыходаў; папулярызацыя музейных прадметаў.

Пераможцаў конкурсу ў кожнай з намінацый узнагародзяць дыпломамі першай, другой і трэцяй ступеней і грашовымі прэміямі (50, 40 і 30 базавых велічынь адпаведна).

Вынікі конкурсу будуць аб'яўлены 2 кастрычніка на ўрачыстай цырымоніі закрыцця III Нацыянальнага форуму "Музеі Беларусі".

Падрабязнасці правядзення конкурсу размешчаны на афіцыйным сайце Міністэрства культуры Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі