Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 чэрвеня 2019, 18:25

У Беларусі важна сфарміраваць касцяк майстроў па вытворчасці музычных інструментаў - Бондар

10 чэрвеня, Маладзечна /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі важна сфарміраваць касцяк майстроў па вытворчасці музычных інструментаў, заявіў міністр культуры Юрый Бондар на палях XIX Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2019", адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.

"Вельмі важна ствараць касцяк майстроў. Гэта не проста людзі, рамеснікі, якія ўчора, дапусцім, выраблялі садовыя лаўкі, а сёння пераключыліся на вытворчасць музычных інструментаў. Гэта цэлыя тэхналагічныя веды, якія можна перадаць толькі чалавеку, глыбока адданаму гэтай справе і шчыра, заўзята жадаючаму вырабляць музычныя інструменты, прысвяціць сваё жыццё гэтай справе", - сказаў Юрый Бондар.

У Беларусі ёсць моцныя вытворцы музычных інструментаў. Сярод іх прадпрыемства "Фабрыка фартэпіяна", што забяспечвае новымі піяніна ўсю Беларусь. На працягу двух гадоў ва ўстановы культуры і адукацыі будзе пастаўлена 1460 адзінак. У Маладзечне працуе ТАА "Зонта", што вырабляе высакаякасныя баяны і акардэоны, якія па сваіх характарыстыках пераўзыходзяць вядомыя аналагі. Выпускаюцца цымбалы, гітары - гэта аўтарская работа, інструменты з каштоўных парод дрэва вельмі цэняцца сярод прафесіяналаў. Ёсць індывідуальныя прадпрымальнікі, прыватныя майстры, якія вырабляюць домры, балалайкі. Вытворчасць падтрымліваецца на ўзроўні рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання і мясцовых улад.

Што датычыцца вытворчасці скрыпак, такая спроба ёсць у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Беларускі майстар Аляксандр Сурба - аўтар першай беларускай скрыпкі ручной работы - стварае навукова-творчую лабараторыю, дзе будзе вырабляць штучныя экзэмпляры. Яго музычны інструмент працуе ў Прэзідэнцкім аркестры Беларусі.

Праграмай "Культура Беларусі" прадугледжаны комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на забеспячэнне ўсіх устаноў культуры, навучальных устаноў сучаснымі музычнымі інструментамі. "Мы не толькі вырабляем новыя, але і вельмі ўважліва падыходзім да існуючага фонду музычных інструментаў, які маем намер прывесці ў парадак, - адзначыў Юрый Бондар. - Сёння нельга ўсё спісаць і аддаць ва ўтыль. Вельмі многія інструменты пры якасным рамонце і сэрвісе праслужаць яшчэ доўгія гады. Тыя адзінкі, якія знаходзяцца ў фондах устаноў адукацыі, культуры, маюць вельмі вялікую каштоўнасць, таму што яны выраблены вядомымі кампаніямі".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі