2 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусь на міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018" выступяць прадстаўнікі 20 краін, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
"Украіна вярнулася ў конкурс пасля дэдлайну. Сёння Еўрапейскі вяшчальны саюз і Наглядальны савет міжнароднага конкурсу песні, у склад якога ўваходзяць і прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі, адобрылі заяўку Украіны", - расказалі ў прэс-службе.
Як паведамлялася, Кіеў заявіў аб адмове ад удзелу ў дзіцячым песенным конкурсе па прычыне фінансавых цяжкасцей. Аднак пасля афіцыйнага абнародавання 25 ліпеня спіса з 19 краін, якія пажадалі адправіць сваіх канкурсантаў у Мінск, у Еўрапейскі вяшчальны саюз паступіла заяўка з Украіны. "Удвайне прыемная навіна. Па-першае, мы рады, што наша паўднёвая суседка прыме ўдзел у конкурсе - там вельмі падрыхтаваныя дзеці, і гэта вялікая аўдыторыя гледачоў. Па-другое, мы сталі ўладальнікамі рэкорду дзіцячага "Еўрабачання", сабраўшы заяўкі ад 20 краін", - адзначылі ў Белтэлерадыёкампаніі.
"Падрыхтоўка да конкурсу ідзе поўным ходам, праўда, давядзецца ўнесці карэктывы ў некаторыя элементы. Мы не сумняваліся, што збяром максімальныя 18 краін, ад гэтага і зыходзіла агульная канцэпцыя, але нас стала больш. Дабавілася крыху клопатаў, урэшце, прыемных",- падкрэсліў кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі, генеральны прадзюсар дзіцячага "Еўрабачання-2018" Іван Эйсмант.
Раней удзел у песенным конкурсе пацвердзілі Албанія, Арменія, Аўстралія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Ірландыя, Ізраіль, Італія, Казахстан, Мальта, Македонія, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Расія, Сербія, Уэльс, Францыя. Дарэчы, Казахстан і Уэльс удзельнічаюць у конкурсе ўпершыню.
Міжнародны дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне-2018" пройдзе ў Беларусі ў лістападзе. Арганізатарам і каардынатарам усіх мерапрыемстваў музычнага праекта выступае Белтэлерадыёкампанія як адзіны ў краіне член Еўрапейскага вяшчальнага саюза.-0-