Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лютага 2017, 10:52

У Беларусь вярнулі легендарную кнігу Францыска Скарыны

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Белгазпрамбанк вярнуў у Беларусь легендарную кнігу Францыска Скарыны, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе банка.

"У год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання карпаратыўную калекцыю Белгазпрамбанка папоўніў помнік нацыянальнай кніжнай культуры - "Малая падарожная кніжка", надрукаваная Францыскам Скарынам у Вільні ў 1522 годзе. Эксперты лічаць менавіта яе першай кнігай, выдадзенай на беларускіх землях. На сённяшні дзень гэта адзіны экзэмпляр кнігі ў нашай краіне", - растлумачылі ў прэс-службе.

"Малая падарожная кніжка" (так званая "кніжыца") з'яўляецца "часасловам для міран", гэта значыць зборам царкоўных кніг невялікага фармату, прызначаных для падарожнікаў. "Гэта больш, чым проста адно выданне: 18 кніг, сабраных разам у адным пераплёце. Яны ўпрыгожаны ўнікальнымі гравюрамі, застаўкамі і ініцыяламі. Дзевяць кніг маюць пасляслоўе самога Скарыны", - расказалі ў банку.

Поўны экзэмпляр "Малой падарожнай кніжкі" не захаваўся. Найбольш поўныя экзэмпляры ёсць у бібліятэках Масквы, Капенгагена і Санкт-Пецярбурга. Самыя поўныя - у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы (20 кніг), у Каралеўскай бібліятэцы ў Капенгагене (18 кніг).

У 2017 годзе ў Беларусі праходзіць святкаванне 500-годдзя беларускага кнігадрукавання - 6 жніўня 1517 года выйшаў "Псалтыр", выдадзены Францыскам Скарынам у Празе.-0-

Фота Белгазпрамбанка

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі