Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 сакавіка 2017, 11:01

Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва адкрываецца ў Брэсце

21 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Музычны фестываль "Тыдзень музыкі для дзяцей і юнацтва" 16-ы раз стартуе ў Брэсце, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.

Фестываль інструментальнай і вакальнай музыкі пройдзе з 21 па 26 сакавіка ў канцэртных залах Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Р.Шырмы. Адкрые Тыдзень канцэртная праграма "Цымбалы - душа Беларусі", якую прадставіць ансамбль цымбалістаў "Лілея" Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі Яўгена Гладкова. Музычны марафон прадоўжыць канцэрт інструментальных ансамбляў, у час якога сваё выканальніцкае майстэрства прадэманструюць лепшыя калектывы дзіцячых школ мастацтваў вобласці і гаспадары музычнага свята.

Сімфанічны аркестр музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Людмілы Жабінскай да 65-годдзя свайго ўтварэння падрыхтаваў канцэртную праграму "О Музыка! Твая бязмерная ўлада!". Акрамя лепшых узораў сімфанічнай музыкі слухачы атрымаюць асалоду ад майстэрства салістаў-інструменталістаў і вакалістаў, сярод якіх лаўрэаты конкурсаў і фестываляў міжнароднага ўзроўню. Вечар фартэпіяннай музыкі падорыць аматарам акадэмічнага мастацтва творчую сустрэчу і канцэрт дацэнта БДАМ Наталлі Ташчылінай і студэнтаў яе класа. У час Тыдня адбудзецца абласны фестываль-конкурс дзіцячай харавой творчасці "Гоман юнацтва", прысвечаны 125-годдзю з дня нараджэння Рыгора Шырмы з удзелам харавых калектываў устаноў адукацыі Брэсцкай вобласці.

Культурна-адукацыйны праект завершыцца вялікім канцэртам "Музычныя таленты Брэстчыны". Мерапрыемства падрыхтавана калектывам каледжа сумесна з галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама. Адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. Гэтай узнагароды ўдастоены 23 навучэнцы дзіцячых школ мастацтваў і ССНУ вобласці. Свае таленты прадэманструюць юныя піяністы, акардэаністы, скрыпачы, духавікі, вакалісты. У канцы фестывалю выступіць вядомы піяніст, доктар музычных мастацтваў, лаўрэат міжнародных конкурсаў Юрый Блінаў, які падрыхтаваў землякам сваё музычнае прывітанне.

Арганізатарамі Тыдня музыкі для дзяцей і юнацтва выступаюць Брэсцкае абласное музычнае таварыства, галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама, Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р.Шырмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі