Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 сакавіка 2017, 13:30

Творы пяці пісьменнікаў з Беларусі ўвайшлі ў лонг-ліст літаратурнай "Рускай Прэміі"

9 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Творы пяці пісьменнікаў з Беларусі ўвайшлі ў лонг-ліст літаратурнай "Рускай Прэміі", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-цэнтры прэміі.

Аргкамітэт міжнароднага літаратурнага конкурсу "Руская Прэмія" і Прэзідэнцкі цэнтр Б.М.Ельцына сёння аб'явілі спіс прэтэндэнтаў на прэмію па выніках 2016 года. Так, у намінацыі "Паэзія" прадстаўлена кніга вершаў "Паства" Вольгі Злотнікавай з Беларусі. У намінацыі "Малая проза" на прэмію вылучана аповесць "Адкрыты фінал" беларускіх аўтараў Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак. Адразу дзве беларускія кнігі намініраваны ў раздзеле "Буйная проза" - раман "Месца на рэі" Міхаіла Лучыцкага і раман "Возера Радасці" Віктара Марціновіча.

Усяго ў лонг-ліст увайшлі творы 38 пісьменнікаў і паэтаў з 14 краін свету: Азербайджана, Беларусі, Бельгіі, Германіі, Егіпта, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Партугаліі, ЗША, Украіны і Чарнагорыі. Больш за ўсё прэтэндэнтаў з Украіны, Беларусі, ЗША і Казахстана.

"Руская Прэмія" - адзіная расійская прэмія для рускамоўных пісьменнікаў усіх замежных краін. Яна заснавана ў 2005 годзе з мэтай захавання і развіцця рускай мовы і падтрымкі рускамоўных пісьменнікаў. Уваходзіць у пяцёрку самых прэстыжных расійскіх літаратурных прэмій. У склад журы "Рускай Прэміі" ўключаны вядомыя пісьменнікі, паэты і літаратары.

Кароткі спіс намінантаў "Рускай Прэміі" будзе аб'яўлены 31 сакавіка. Узнагароды намечана ўручыць у Маскве 25 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі