Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 студзеня 2018, 10:24

Творы, якія раней не публікаваліся, уключаны ў зборы твораў Навуменкі, Караткевіча і Брыля

20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Творы і артыкулы, якія раней не публікаваліся, уключаны ў зборы твораў класікаў беларускай літаратуры Івана Навуменкі, Уладзіміра Караткевіча і Янкі Брыля, паведамілі 19 студзеня на прэс-канферэнцыі прадстаўнікі аўтарскіх калектываў.

Усе праекты выходзяць у выдавецтве "Мастацкая літаратура", і, як адзначыў яго дырэктар Аляксандр Бадак, абвяргаюць існуючае цяпер меркаванне, што зборы твораў сёння не ў модзе. Мастацкая літаратура, класіка запатрабавана чытачом, і яшчэ да выхаду чарговага тома ў выдавецтва звяртаюцца людзі, цікавяцца, як хутка і дзе можна набыць новую кнігу.

Аляксандр Бадак расказаў, што нядаўна завершана работа над выданнем 10-томнага збору твораў народнага пісьменніка Івана Навуменкі, убачыў свет 16-ы том з 25-томнага збору Уладзіміра Караткевіча. А ў гэтым годзе пачнецца выпуск збору твораў з навуковымі каментарыямі Янкі Брыля. Усе гэтыя выданні, акрамя таго што максімальна поўна змяшчаюць творчую спадчыну пісьменнікаў, уяўляюць сабой своеасаблівую скарбонку беларускай лексікі, фіксуюць і зберагаюць слоўнае багацце мовы, адзначыў дырэктар.

Некаторыя дэталі работы над зборамі твораў раскрылі прадстаўнікі аўтарскіх калектываў. Так, галоўны навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сцяпан Лаўшук расказаў аб рабоце з рукапісным архівам, які прадаставіла сям'я Івана Навуменкі. Дачка пісьменніка Валерыя падзялілася ўспамінамі аб знакамітым бацьку, які быў вельмі сціплым чалавекам.

Збор твораў Уладзіміра Караткевіча прэзентаваў кандыдат філалагічных навук дацэнт кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анатоль Варабей. Паводле яго слоў, адзін з тамоў будзе прысвечаны малюнкам Уладзіміра Караткевіча, таксама да выдання плануецца прыкласці два дыскі: песні ў выкананні пісьменніка і запісы яго выступленняў.

Першыя дзве кнігі 10-томніка твораў Янкі Брыля ўбачаць свет у 2018 годзе, і, як паведаміла загадчыца аддзела выданняў і тэксталогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Алена Васілевіч, будуць уключаць апавяданні. Збор твораў Янкі Брыля рыхтуецца з улікам літаратурнага запавету пісьменніка, які апублікуюць у першым томе.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі