Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
05 красавіка 2017, 11:08

Тэмы адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на 2017-2019 гады вызначаны па выніках перадпітчынгу

5 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэмы адкрытага рэспубліканскага конкурсу кінапраектаў на 2017-2019 гады сфарміраваны па выніках перадпітчынгу ідэй сцэнарыяў, які праходзіў у Міністэрстве культуры Беларусі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ведамстве.

На папярэднюю адкрытую абарону творчых ідэй кінапраектаў або кінасцэнарыяў у ігравой, неігравой і анімацыйнай формах было прадстаўлена 165 заявак на суд камісіі ў складзе спецыялістаў у галіне кіно.

Як адзначылі ў міністэрстве, Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", ТАА "Кінасфера", "Першая КінаВідэаКампанія" прадставілі свае прапановы па анімацыйным кіно, якія былі адобраны камісіяй. Усе 24 сцэнарыі фільмаў у анімацыйнай форме рэкамендаваны да ўдзелу ў конкурсе ў выглядзе працэдуры дзяржзакупкі на аказанне паслуг па вытворчасці фільмаў на працягу 2017-2019 гадоў. Заяўкі па анімацыйным кіно былі прадстаўлены на наступныя тэмы: "Беларускі фальклор для дзяцей", "Пазнавальныя гісторыі для дзяцей", "Анімацыйны мюзікл", "Прыгоды для дзяцей", "Анімацыйныя фільмы для дарослага гледача", "Гісторыя Беларусі для дзяцей".

У намінацыі "Фільмы ў неігравой форме" на суд спецыялістаў прапанавалі ідэі кінасцэнарыяў ТАА "Студыя "Стопкадр", студыя "Летапіс", Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", ТАА "Кінасфера", ПУП "Студыя Р-2". Па выніках ацэнкі 54 ідэй сцэнарыяў фільмаў у неігравой форме камісія рэкамендавала Міністэрству культуры ў 2017-2019 гадах для аб'яўлення на адкрытым рэспубліканскім конкурсе падтрымаць наступныя тэмы: "Нашы сучаснікі", "Сям'я Беларусі", "Дзеці і моладзь Беларусі", "Беларусь спартыўная", "Культура Беларусі", "Міжнароднае супрацоўніцтва Беларусі".

Да ўдзелу ў конкурсе ў бліжэйшыя тры гады рэкамендавана 22 сцэнарыі фільмаў у неігравой форме па названых тэмах.

Самай шматлікай па колькасці заявак стала намінацыя "Фільмы ў ігравой форме". На суд спецыялістаў паступіла 87 прапаноў ад Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм", ТАА "Кінасфера", ПУП "Студыя Р-2", кінакампаній Nonstop Media, "Рыч Філмз Прадакшн", ЗАТ "Тэлевізійны прадзюсарскі цэнтр", ТАА "Першая КінаВідэаКампанія", студыі BIGfilm, тэлестудыі "Новы горад", а таксама аўтараў сцэнарыяў, сярод якіх Ю.Ялхоў, Г.Марчук, П.Крывастаненка, Д.Багаслаўскі і інш.

Па выніках папярэдняга адкрытага прадстаўлення творчых ідэй кінапраектаў, у намінацыі "Фільмы ў ігравой форме" камісія рэкамендавала Міністэрству культуры ў 2017-2019 гадах на рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў падтрымаць наступныя тэмы: "Экранізацыя твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры", "Пантэон нацыянальных герояў", "100-годдзе Узброеных Сіл Беларусі", "Жыццё сучасных дзяцей і падлеткаў", "Меладрама аб узаемаадносінах бацькоў і дзяцей", "Жыццё сучаснай моладзі", "Навагодняя сямейная камедыя", "Жыццё сучаснай Беларусі".

Па названых тэмах усяго 17 ідэй кінапраектаў камісія рэкамендавала да ўдзелу ў адкрытым рэспубліканскім конкурсе ў выглядзе працэдуры дзяржзакупкі на аказанне паслуг па вытворчасці фільмаў у 2017-2019 гадах. Сярод іх сцэнарыі "Беларусьфільма", ТАА "Кінасфера", Nonstop Media, Тэлевізійнага прадзюсарскага цэнтра, А.Курэйчыка, А.Уладзімірскай, К.Ярохіна.

Камісія таксама рэкамендавала Міністэрству культуры для аб'яўлення конкурсу сцэнарыяў у якасці прыярытэтных тэмы: "Гісторыя Беларусі" ("Францыск Скарына", "Грунвальдская бітва") і "Жыццё сучаснай Беларусі" ("Моладзь Беларусі").

Падрабязная інфармацыя размешчана на сайце ведамства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі