Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 верасня 2017, 11:21

Тэма адзіноты прэваліруе ў фестывальных спектаклях "Белай вежы"

7 верасня, Брэст /Святлана Вячорка - БЕЛТА/. Тэма адзіноты прэваліруе ў спектаклях XXII міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА каардынатар праграмы фестывалю, памочнік мастацкага кіраўніка Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Анжэла Саідзі.

"Калі ў мінулым годзе ў пераважнай большасці спектакляў узнімаліся праблемы міграцыі, то цяпер усе гавораць аб тым, як складана жыць чалавеку ў адзіноце. Гэта першае, што кідаецца ў вочы, і гэта сведчыць аб тэндэнцыі ў сусветным тэатральным мастацтве. Практычна ўсе калектывы - і азіяцкія, і еўрапейскія - прывязуць спектаклі, дзе выразна прасочваецца агульная тэма", - сказала каардынатар фестывальнай праграмы.

Так, тэма адзіноты гучыць у драме "Джут" - пастаноўцы Паўночна-казахстанскага абласнога рускага драматычнага тэатра імя М. Пагодзіна. Чалавеку, які дакладна ўсведамляе сваю нацыянальную ідэнтычнасць, цяжка жыць нават у такім мультынацыянальным мегаполісе, як Масква. Галоўнай гераіняй спектакля Македонскага нацыянальнага тэатра "Споведзь" з'яўляецца жанчына, у якой ёсць вялікая сям'я, але яна заўсёды адчувае сябе адзінокай у сваіх праблемах. Аналагічны лейтматыў у спектаклі "Беспасажніца" рускага драматычнага тэатра імя А. П. Чэхава з Кішынёва.

Гэту ж тэму прадаўжае монаспектакль "Сумныя песні з сэрца Еўропы" тэатральнай кампаніі са сталіцы Хельсінкі. Паэтычная п'еса пастаўлена паводле матываў рамана "Злачынства і кара". У сучаснай трактоўцы нават галоўная гераіня Дастаеўскага, вымушаная займацца прастытуцыяй, таксама адзінокая. У спектаклі шмат жывой музыкі і песень у выкананні маладой актрысы Ліісы Сафіі Пентынен. Яе рокавы канцэрт у канцы спектакля становіцца крыкам аб адзіноце акружанага людзьмі чалавека.

XXII міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" пройдзе ў Брэсце з 8 па 17 верасня. Свае спектаклі пакажуць 28 калектываў з 14 краін. У тым ліку ўдзельнікамі форуму стануць восем беларускіх тэатраў. Аснову фестывальнай афішы складаюць пастаноўкі разнастайных жанраў па сучаснай і класічнай драматургіі. Таксама ў праграме заяўлены тры вулічныя і два лялечныя паказы, музычныя і музычна-харэаграфічныя спектаклі.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць Брэсцкія абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі