Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 верасня 2017, 17:01

Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа 8 музычных праграм з "Вялікай бард-рыбалкі"

4 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Тэлеканал "Беларусь 3" пакажа ў эфіры ў верасні-кастрычніку восем музычных праграм "Мелодыі лета" з міжнароднага музычна-спартыўнага свята "Вялікая бард-рыбалка", якое прайшло 28-30 ліпеня ў Быхаўскім раёне. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі на тэлеканале.

Па традыцыі адкрые паказ 9 верасня (14.20) перадача "Подых струн", у якой прагучаць папулярныя песні ў выкананні беларускіх аўтараў і выканаўцаў. У іх ліку Сяргей Антонаў (Мінск), Вячаслаў Клімовіч (Гомель), трыа "Фіеста" (Маладзечна), Сяргей Кулягін (Магілёў).

"Нягледзячы на даволі экстрэмальныя ўмовы надвор'я, каманда "Беларусь 3" спрацавала дакладна і зладжана, усе запланаваныя творчыя праекты былі запісаны. У выніку атрымаліся яркія і вельмі душэўныя музычныя праграмы. Сярод іх трэба асабліва адзначыць "Гардэмарыны, наперад!" - гэта песні ў выкананні гасцей на вершы ўдзельніка бард-рыбалкі Юрыя Рашанцава, а таксама "Бялее мой парус..." - сольны канцэрт мэтра аўтарскай песні Юлія Кіма. Цікава гледачу будзе пазнаёміцца з творчасцю Барыса Бляхмана (Ізраіль) і бард-шансонам Вігантаса Казлаўскаса з Літвы", - адзначылі прадстаўнікі тэлеканала.

У фінале паказу праект "Суседзі", які стаў папулярным на свяце, дзе госці выконваюць песні на мове краін пражывання (у гэтым годзе ў ім прынялі ўдзел аўтары і музыканты з Беларусі, Расіі, Украіны, Славакіі, Чэхіі, Ізраіля, Малдовы, Польшчы і Літвы), а заключным акордам "Мелодый лета" стане праект "Песні для душы" - падборка самых папулярных песень, якія прагучалі на фестывалі.

Свята стартавала ў 2010 годзе. За гэты час яно ператварылася ў яркую і неардынарную культурную падзею ў Магілёўскай вобласці, пра якую ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. Гэта цудоўная магчымасць адпачыць з сям'ёй на маляўнічым беразе Чыгірынскага вадасховішча і атрымаць асалоду ад разнажанравай музыкі. Штогадовае мерапрыемства збірае больш як 3 тыс. гасцей і ўдзельнікаў з розных краін.

Арганізатары - Магілёўскі аблвыканкам і Быхаўскі райвыканкам, творчае аб'яднанне "Сваё асяроддзе" і грамадскі Савет па развіцці аграэкатурызму ў Магілёўскай вобласці. Генеральны партнёр праекта ААТ "Магатэкс", афіцыйны партнёр ААТ "Белшына". Генеральны інфармацыйны партнёр УП "БелТА".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі