4 мая, Гомель /Юлія Лысенка - БЕЛТА/. У міжнародным фестывалі "Славянскія тэатральныя сустрэчы", які пройдзе ў Гомелі 16-19 мая, прымуць удзел тэатры з Беларусі, Расіі, Украіны і Польшчы. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога драматычнага тэатра Уладзімір Ступінскі.
У горад над Сожам прыедуць артысты Чарнігаўскага музычна-драматычнага тэатра, Наўгародскага акадэмічнага тэатра (Вялікі Ноўгарад, Расія), тэатра Nicoli (Кракаў, Польшча), тэатра горада Стэрлітамак (Рэспубліка Башкортастан, РФ) і Беларускага дзяржаўнага тэатра юнага гледача. У якасці журы ў фестывалі прымуць удзел заслужаныя майстры тэатральнага мастацтва з Беларусі, Расіі і Украіны. У гэтым годзе форум пройдзе пад дэвізам "Тэатр - будучаму". "Акцэнт будзе зроблены на пастаноўкі, створаныя маладымі аўтарскімі калектывамі, артыстамі, рэжысёрамі, мастакамі, а таксама маючыя мэтавую накіраванасць для маладой глядацкай аўдыторыі", - расказаў Уладзімір Ступінскі.
У праграме форуму - сем спектакляў. У першы конкурсны дзень, 16 мая, гледачы ўбачаць адразу два спектаклі. Апоўдні - у выкананні трупы Гомельскага маладзёжнага тэатра пастаноўку "Оскар і ружовая дама". Увечары, адразу пасля афіцыйнага адкрыцця фестывалю, "Камедыю пра нешчаслівага селяніна, яго жонку Маланку, жыда Давіда і Чорта, які страціў сэнс існавання" пакажуць артысты Чарнігаўскага абласнога акадэмічнага ўкраінскага музычна-драматычнага тэатра імя Т. Шаўчэнкі.
На дзень пазней польскія акцёры пакажуць на сцэне Гомельскага драмтэатра спектакль без слоў "Старая галубятня". У наступныя дні дзве пастаноўкі прадставяць расійскія тэатры: камедыю "Не пакідайце жанчыну адну" і інсцэніроўку "За чорнай кулісай або ўпярэмешку з Пушкіным". Гомельскі аблдрамтэатр пакажа ўласную інтэрпрэтацыю трагедыі Уільяма Шэкспіра "Рамэа і Джульета", а артысты беларускага ТЮГа - "Дзікае паляванне караля Стаха", псіхалагічны дэтэктыў па матывах заснавальніка беларускага гістарычнага рамана Уладзіміра Караткевіча.
Фестываль "Славянскія тэатральныя сустрэчы" вырас з садружнасці вядучых тэатраў Чарнігаўскай, Гомельскай і Бранскай абласцей і ўпершыню адбыўся ў 1989 годзе. За апошні час ён значна пашырыў свае межы за кошт уключэння ў фестывальны рух вядучых тэатраў блізкага і далёкага замежжа. Яго мэта - творчае аб'яднанне тэатральных калектываў, умацаванне традыцый і развіццё новых тэндэнцый беларускага тэатра, знаёмства гледачоў з шэдэўрамі сусветнай і нацыянальнай мастацкай спадчыны. Ён арыентаваны на аднаўленне агульнай тэатральнай прасторы.-0-