Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 красавіка 2017, 11:46

Святлоў: мецэнацтва - паказчык высокага развіцця культуры грамадства

14 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мецэнацтва - паказчык высокага развіцця культуры грамадства. Такое меркаванне выказаў міністр культуры Барыс Святлоў, адкрываючы цырымонію ўшанавання пераможцаў акцыі "Мецэнат культуры Беларусі" па выніках 2016 года, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Лічу, што гэта паказчык высокага развіцця культуры грамадства, калі падтрымка культурных праектаў становіцца важнай справай. Дзякуючы вашым намаганням рэалізуюцца многія праекты, якія ўзбагачаюць культуру", - звярнуўся да мецэната міністр.

Сярод праектаў, якія ў тым ліку рэалізуюцца з падтрымкай мецэнатаў, - факсімільнае выданне спадчыны Францыска Скарыны, фестывалі нацыянальных культур у Гродне, нацыянальнай песні і паэзіі ў Маладзечне, "Славянскі базар у Віцебску", фестываль у Александрыі, "Лістапад". Гэта толькі самыя буйныя праекты, але ёсць яшчэ шмат не такіх маштабных, але не менш дастойных і значных праектаў, падкрэсліў Барыс Святлоў.

Усяго рэспубліканскімі арганізацыямі, галоўнымі ўпраўленнямі ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага гарадскога і абласных выканаўчых камітэтаў было прадстаўлена 90 кандыдатур мецэнатаў, 76 з іх аргкамітэт вызначыў для ўзнагароджання дыпломам "Мецэнат культуры Беларусі".

Кіраўнікам і прадстаўнікам арганізацый Беларусі рознай формы ўласнасці, якія аказалі ў 2016 годзе арганізацыям культуры бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу, уручаны ганаровыя дыпломы. У ліку тых, хто стаў мецэнатам у намінацыі "За ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай культуры" - ААТ "Беларуськалій", "Ашчадны банк "Беларусбанк", рэспубліканскае ўнітарнае страхавое прадпрыемства "Белдзяржстрах".

Уручаны дыпломы ў намінацыі "За значны ўклад у арганізацыю міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, свят" дзяржаўнаму аб'яднанню "Беларуская чыгунка", ААТ "Белаграпрамбанк", "Мінскі завод пеністых він" і іншым. Віншаванні прымалі пераможцы намінацыі "За аказанне падтрымкі ў правядзенні наватарскіх культурных праектаў", а таксама "За ўклад у развіццё міжнароднага культурнага супрацоўніцтва", у ліку якіх пасольства Швецыі ў Беларусі.

За пастаянную падтрымку нацыянальнай культуры адзначаны авіякампанія "Белавія", "Белтэлекам", Рагачоўскі малочна-кансервавы камбінат і іншыя.

Рэспубліканская акцыя "Мецэнат культуры Беларусі" прайшла ў Палацы Рэспублікі. Госці вечара змаглі азнаёміцца з выстаўкай рарытэтаў, набытых за кошт сродкаў мецэнатаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі